Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 37

Алесь Петрашкевіч

Iахім. Zum Wohl!

Кат. Zum Wohl! (Адпівае піва і падае мёртвы.)

Іахім. Бедны Кат! Яму б яшчэ жыць ды жыць…

Уваходзіць Нунцый.

Асірацелі мы з вамі, ваша светласць. Кваліфікатар памёр, а з Катам памылачка выйшла. (Гладзіць Ката па галаве.)

Нунцый. He перажывай! Яны абодва дрэнна працавалі. Цяпер ты будзеш катам. (Выходзіць.)

Iахім (праз паўзу). Катам дык катам.

XVI

Катавальня. На падлозе ляжыць Адвернік, каля яго сядзіць Скарына. Уваходзіць Іахім. Надзявае фартух і капюшон ката.

Iахім. Катам дык катам — чым не работа. А там — паглядзім…

Уваходзяць Нунцый і два манахі. Іахім прыкланяе калена.

Прыступаю да работы, ваша светласць.

Манахі бяруць Іахіма пад рукі. Гэта юнакі пры шпагах. Нунцый скідае мантыю. Гэта Гусоўскі. У яго руках шпага. Іахім ускрыквае. Скарына бачыць сяброў.

Гусоўскі (на Іахіма). Тваё слова, доктар?..

Скарына. У помсты вочы пустыя і сэрца жорсткае. У прыроджанага ж закону сутнасць у тым, каб рабіць з другім чалавекам так, як бы ты хацеў, каб рабілі з табою.

Гусоўскі. Да гэтага часу ты так і не пераканаўся, што не ўсе людзі чалавекі?!

Скарына. Гэта мой прынцып, Мікола.

Гусоўскі (Іахіму). Жыві!.. Такі прынцып у доктара Скарыны…

Юнакі ўсаджваюць Іахіма ў крэсла для катаванняў. Гусоўскі кідае на яго мантыю Нунцыя. З’яўляюцца Маргарыта і Мсціславец.

Маргарыта. Юраська, родны! Што яны з табою зрабілі?! (Убачыла Скарыну.) Ён памёр?! Францыск, ён памёр?!!

Скарына. Так жа прыгожа, як і жыў.

Усе падыходзяць да рампы. Апускаецца заслона. У руках Скарыны і Гусоўскага свяцільнікі.

Мсціславец. А мы дамоў едзем… Мы дамоў едзем без цябе…

Маргарыта (рэчытатывам).

Пайшоў каток у лясок, Прынёс каток паясок…

Скарына (прыхінае да сябе Маргарыту). «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».

Гусоўскі (чытае па памяці).

Боская Маці, Прачыстая Дзева Марыя… О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў Першай заступніцай люду, і ты заступіся!.. Стань загародай на бітых шляхах і гасцінцах, Вартай памежнай між воляй народаў і рабствам… Дзе небяспека і смерць, і няхай вінаватых Так пакарае няўмольнаю ўладай закону, Каб паслядоўнік, стырна не ўпускаючы ўлады, Нашую зброю скрыжоўваў са зброяй варожай Толькі за праўду, са шчырай адданасцю справе Мужа дзяржаўнага вёў каравелу дзяржавы I праз хаос, і праз штормы жахлівага часу!

Заслона

Примечания

1

Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне. Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны, Стрэлы ж і коп’і ўпіваліся ў цела жывёлін. Боль прычыняючы ім невыносны… (лац.)

2

Добры вечар, пан доктар. Іахім лічыць вялікім гонарам бачыць у сваёй таверне такога высокага госця горада Вітэнберга, які ўдастоены аўдыенцыі самога вялікага рэфарматара Марціна Лютэра (ням.).