Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 28

Алесь Петрашкевіч

Iнквізітар. Ці адракаешся ад ерасі гэтай?

Скарына. А хіба тое, што я з другам маім аказаліся перад судом вашым, не пацвярджае маёй думкі?

Кваліфікатар. Ерэтык патрабуе адмаўлення ад багацця, а гэта гучыць абвінавачаннем царквы і свецкай улады.

Скарына. Адзінае багацце прызнаю я: чыніці добрыя справы і ў іх багаціціся.

Інквізітар. Чаму вы сталі доктарам медыцыны, калі Кракаўскі ўніверсітэт рыхтаваў вас для служэння Богу і царкве?

Скарына. Я рашыў паслужыць яшчэ і людзям. З чаго лепш мы можам пачаць, як не з нашай агульнай прамаці прыроды, — падказаў мне Цыцэрон.

З’яўляецца Нунцый і садзіцца ўбаку.

Біскуп. Вы паганіце храм прыроды! Вы ідзяце за д’яблам, доктар!

Скарына. Я іду за Галенам і Авіцэнай. Храм прыроды — мой храм і мая лабараторыя.

Сенатар. Ён хоча сказаць — трупярня, дзе расчляняе нябожчыкаў.

Скарына. Перад спальваннем сваіх ахвяр вы расчляняеце іх жывымі.

Сенатар. Мы робім гэта, каб пасля смерці душа ерэтыка не ўз’ядналася з целам яго. А вось вы з якое прычыны рэжаце трупы і капаецеся ў шлунні нябожчыкаў? Цікава, што вы там шукаеце?

Скарына. Я высвятляю, ці можа тое, што знаходзіцца ў чалавечай галаве, мяняцца месцамі з тым, чым запоўнены страўнік.

Сенатар (здзекліва). Ну і як?

Скарына. Мяркуючы па вашым пытанні, можа.

Нунцый рагоча. Яго падтрымліваюць астатнія.

Нунцый. Брава, доктар.

Прычына смеху даходзіць і да Сенатара.

Сенатар (істэрычна). Я патрабую паклікаць Ката! Мае вушы змарыліся слухаць здзекі і блюзнерства гэтага мярзотніка! (Падавіўся, кашляе.)

Нунцый (да членаў судзілішча). Пакіньце мне ерэтыка, а самі падсілкуйцеся чым Бог паслаў. Сенатара я б пакінуў без абеду.

Сенатар. А чаму вы так вырашылі?

Нунцый. Каб не здарылася перамяшчэння… Няхай ужо лепш будзе пуста і тут (мацае за лысіну) і ў страўніку. (Рагоча.)

Усе смяюцца і выходзяць.

Значыць, доктар, вы жадаеце стаць святым мучанікам? Вы марыце аб цярновым вянку? Вы шукаеце славы?

Скарына. Я хачу шчасця свайму народу. Хачу, каб ён знайшоў яго не праз кастры і шыбеніцы, а праз асвету, навуку, розум і мудрасць. Мая мара — грамадства справядлівасці, дзе пануюць мір, згода і законнасць. Глыбока перакананы, што месца чалавека пад сонцам павінна вызначацца не яго радавітасцю ці веравызнаннем, а розумам, энергіяй, ведамі і жаданнем быць карысным агульнай справе. Я шукаю гармоніі і дасканаласці ў чалавеку, грамадстве, у свеце. Веру ў чалавека, веру ў яго добры, разумны пачатак. Мудрасць чалавека, розум чалавека ёсць маці ўсіх добрых спраў і настаўнік усякаму добраму ўменню. Абавязак мудрых людзей уз’яднаць Арыстоцелеву і жыццёвую мудрасць.

Нунцый. Мудрасць даецца нам Богам, каб пазнаць Бога, а вы рашылі выкарыстаць яе на тое, каб разбэсціць паству.

Скарына. Мая дзяржава…

Нунцый (перапыняе). Дзяржаў многа, Бог адзін. I мы, яго верныя слугі і воіны, зробім усё, каб вера, як і Бог наш, стала адзінай.

Скарына. Адукацыя, вучонасць, кнігі, а не саюз цэркваў і рэлігій з’яднаюць народы.

Нунцый. Цяпер зразумела, чаму ў вашых прадмовах не сказана пра каталіцкую царкву і веру ні адзінага добрага слова.