Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 27

Алесь Петрашкевіч

Інквізітар. Хто былі вашы памочнікі?

Скарына. Адгарніце вокладку любой з дваццаці трох выдадзеных мной кніг Бібліі, і вы пераканаецеся, што я зрабіў гэта адзін.

Біскуп. Як вы смелі зрабіць гэта без дазволу?!

Скарына. «О век! О літаратура! Прыемна жыць і непрыемна было б яшчэ адпачываць!» — усклікнуў ваш зямляк Ульрых фон Гутэн, трымаючы ў руках першую нямецкую друкаваную кнігу. Чаму ж святое судзілішча адмаўляе ў праве майму народу мець сваю друкаваную кнігу?..

Інквізітар. Вас так натхніў фон Гутэн, што вы пайшлі на страшнейшае святатацтва і ерэтычную дзёрзкасць.

Скарына. На гэта мяне натхніў наш зямляк і знакаміты вучоны Кракаўскага ўніверсітэта Ян з Глогава. А яшчэ быў у мяне абавязак перад Фіёлем Швайпольтам — першадрукаром славянскім у Кракаве. Я пакляўся Яну здзейсніць яго мару — пераклаў Біблію на родную мову і тым самым прадоўжыў друкарскую справу Фіёля.

Інквізітар. Ці раскайваецеся?

Скарына. Не! I ў няшчасці застаюся верным клятве.

Iнквізітар. Ці было вам вядома, што ў 1492 годзе інквізіцыйная калегія забараніла Фіёлю друкаваць і распаўсюджваць кнігі?

Скарына. Якраз таму я і пакляўся прадоўжыць яго справу.

Біскуп (крычыць). Ты д’ябал! Ты горш за нізкадушнага Мюнцэра! Толькі той плебейскі верхавода знаёміць сваіх перахрышчэнцаў з тэкстам Бібліі.

Скарына. А чаму б людзям і не ведаць, што пішацца ў Бібліі?

Iнквізітар. Таму, што Біблія занадта цвёрды арэшак для міран і разуменне яе патрабуе пасрэдніцтва царквы.

Скарына. Пасрэднік не спатрэбіцца, калі простыя людзі самі авалодаюць кніжнай прамудрасцю.

Iнквізітар. Тайны рэлігіі не павінны быць даступны ўсякаму, патрабуе Папа, але тым толькі, якія могуць іх разумець так, каб вера не пацярпела ад гэтага.

Скарына. I вы і ваш Папа баіцеся, каб Біблія трапіла ў рукі простых людзей. Ім жа адразу кінецца ў вочы неадпаведнасць паміж тым, што прапаведуе Хрыстос і што робіце вы ў сваіх цэрквах і такіх вось катавальнях.

Інквізітар (Кваліфікатару). Назавіце іншыя злачынствы ерэтыка.

Кваліфікатар. Іх шмат, святы айцец. Але асноўнае ў сцвярджэнні, нібыта кніга Бібліі «Юдзіф» не святымі прарокамі створана, а «найпервей, — як ён піша, — от летописцев написана ест».

Інквізітар. Ці адракаецеся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не, бо то ісціна!

Кваліфікатар. Ерэтык ставіць пад сумненне стварэнне Госпадам свету нашага з нічога. Ён сцвярджае, што з нічога нічога не бывае.

Інквізітар. Ці адракаецеся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не сцвярджаю, але і не адракаюся. Загадка гэта над розумам людскім.

Кваліфікатар. Ерэтык у сваіх прадмовах цытуе многіх цароў, дзяржаўцаў і філосафаў і ў той жа час нават не ўпамінае айцоў царквы.

Скарына. Прызнаю гэты грэх, хоць і не раскайваюся.

Кваліфікатар. Запаветы Гасподнія падаюцца ерэтыком не ва ўстаноўленай паслядоўнасці.

Інквізітар. Ці адракаешся ад ерасі гэтай?

Скарына. Не бачу граху, бо ўсе запаветы пералічаны. Нічога ж, напрыклад, не зменіцца, калі нехта з вас памяняецца месцамі, скажам, з Катам.

Кваліфікатар. Ерэтык прапаведуе роўную свабоду ўсім, роўнае ўладанне ўсіх. Ён сцвярджае, што Гасподзь Бог на добрых і на праведных напускае беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе.