Читать «На ростанях» онлайн - страница 20
Якуб Колас
— А цябе як зваць? — спытаў настаўнік другога хлопчыка.
— Лар’ён,— весела адказаў той.
— А як завецца твой бацька?
— Кандрат.
— А як тваё прозвішча?
Хлопчык закрыў рукамі твар і пачаў смяяцца.
— Чаго ж ты, Лар’ён, смяешся?
— Не знаю, што казаты.
А адзін палешучок, які ўвесь час сядзеў моўчкі, запытаў настаўніка:
— Чаму ты ўсё пытаеш, як мы завямося?
Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Іх часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго ён прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі, і маючы на ўвазе, што з часам усё гэта згладзіцца непрыметна, само сабою, пад уплывам школьнага парадку і ладу, які будзе залежаць, галоўным чынам, ад яго самога. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе ён стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца.
Першыя крокі былі зроблены. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Лабановіч, крыху пагутарыўшы, пусціў іх на пераменку. А гэтым часам пад’ехаў і а. Кірыл. Зайшлі ў пакоік настаўніка, пагутарылі пра сёе-тое, пакуль пазбіраліся дзеці. Айцец Кірыл зараз жа сабраўся і разам з настаўнікам пайшоў у школу. Там ён, не затрымліваючыся, адправіў кароткі малебен, сказаў невялічкае казанне дзецям, у якім клікаў іх да навукі, да паслушэнства, і, пажадаўшы здароўя і разумення, даў пацалаваць крыж і акрапіў іх святой вадою.
Пасля малебна настаўнік сказаў вучням перадаць сваім таварышам, каб заўтра ўсе прыходзілі ў школу, і пусціў іх дадому.
З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі галасамі, і рассыпаліся па хатах. На сваім уласным вопыце пачулі яны, што школа і настаўнік далёка не такія страшныя, як гэта складалася ў іх галаве.
Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, дарога паганая. На развітанне папрасіў ён Лабановіча выкладаць Закон Божы, бо яму далёка ездзіць сюды.
— А наконт... пенсіі мы пагодзімся, падзелім яе без крыўды.
Настаўнік, хоць і з неахвотаю, згадзіўся.
— Прыязджайце да нас, будзем вельмі рады,— сказаў а. Кірыл, ужо седзячы на каламажцы.
Лабановіч застаўся адзін. У пакоіку стала так ціха, што ён мімаволі звярнуў на гэта ўвагу. I была ў гэтай цішы маркота, якую пачуў ён тут першы раз. Яго пацягнула на свежае паветра, на волю. Тут ён прыпомніў, што сын самага блізкага суседа яго, пана падлоўчага, хоць і мае хадзіць вучыцца, не прыйшоў. I не прыйшоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Сам жа падлоўчы не належаў да тутэйшага насельніцтва, патрэбы якога абслугоўвала гэта школа.
Пасля абеду Лабановіч сабраўся прайсціся. Ён выйшаў на двор. На вуліцы было столькі гразі, што перайсці яе ў настаўніка не хапіла адвагі, і ён павярнуў на поле, дзе стаялі два ветракі, і зараз жа выйшаў на вузкую сцежку, якая вяла на чыгунку. Гэта было адзінае месца, дзе можна было хадзіць, не баючыся гразі. Узышоўшы на чыгунку, настаўнік прыпыніўся, як бы разважаючы, у які канец накіравацца. Вакол было ціха. Далёка беглі ўздоўж дарогі высокія тэлеграфныя слупы з белымі гугачкамі і роўна нацягнутым дротам. Ветру не было, а дрот бесперастанку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казка гэтых панурых лясоў і балот Палесся. З боку раз’езда чыгунка, пралёгшы спачатку раўнюсенечкаю сценкаю, праз вярсту рабіла залом і гублялася дзесь у лесе. У процілеглым баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далечы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок. Гэтая малюсенькая фігурка адна, здавалася, ажыўляла гэты пануры і ціхі краявід, дзе ўсё як бы знікла або прытаілася.