Читать «Мой се градок!» онлайн - страница 3
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
І ўсё адно, швэндаючыся гэтымі вуліцамі (а гэтаму майму занятку ўжо без малога сорак год), я адчуваю падэшвамі жар вялікай маці-гісторыі, якой не тысяча, не паўтары і не дзве тысячы гадоў, а болей, і кіеўскі вецер, вецер часу, уладна і мякка штурхае мяне ў твар.
Вось пра гэтае адчуванне стагоддзяў, пра тое, як чытаў кнігу гэтага горада адзін чалавек, я і раскажу на гэтых старонках. Бо які сэнс у паўтарэнні даўно ўсім вядомых археалагічных (наконт таго, што роў, адкрыты пры раскопках 1909 — 1912 гадоў, вакол, нібыта, гарадзішча Кія быў шырынёй 4 м, а глыбінёй "4 м ад узроўню старажытнай паверхні") і гістарычных ("Святаполк забі Барыса і Глеба") звестак. Тым больш, што і самі старадаўнія гісторыкі пра гэта нічога не ведаюць (рукапіс XVІІІ ст. называе 334 год "ад Хрыста", Мацей Стрыйкоўскі — 430 г., І-шы Наўгародскі летапіс — 2-ю палову ІХ ст., год 854), а мы і пагатоў. І нават у самых даўніх летапісцаў ідзе барацьба кіеўскага летапісання, якое вядзе паходжанне горада ледзь не ад цара Гароха, і Наўгародскай летапіснай традыцыі, якая перамяншае ўзрост горада і называе Аскольда і Дзіра наўгародцамі. Словам, і тады гісторыя і праўда ўжо былі пастаўлены на службу палітычнай тэндэнцыі, а значыць, і простай фальсіфікацыі. Я асабіста думаю інакш. Я сам трымаў у руках чарапкі VІІІ стагоддзя. Я ведаю, што верхні археалагічны рубеж Кіева — вось гэты. А які там ніжні — хто яго ведае. І я смела кідаюся ў гэтую сваю "гіпотэзу", а там — бог бацька. Тым больш, што горад у старажытным славянскім сэнсе — гэта не наш "горад", а "ўмацаванне", "замак". А ўмацаванні, гарадзішчы існуюць тут бог ведае з якога часу. Больш дакладна: з часу зараджэння феадальных адносін на славянскіх землях (сярэдзіна І тысячагоддзя нашай эры) і да часу завяршэння феадалізацыі ўсходняга славянства (ІХ — Х ст.).
Блукаючы па зямлі, мне даводзілася часам трапляць у месцы, якія міжвольна выклікаюць думкі аб вечнасці, аб зменлівасці лёсу, аб тым, што ўсё мінае, аб тым, што ніколі не ведаеш, які каму суджаны лёс. Вось стаіш на тэрыторыі кіеўскага гарадзішча (аднаго з чатырох самых старадаўніх сярэдневяковых славянскіх гарадзішчаў) і пад табою Дняпро, мой Дняпро магутны, а вакол свеціць агнямі двух з гакам мільённы горад, сталіца і "маці гарадоў". І вось Хатомельскае гарадзішча (Столінскі раён), равеснік кіеўскаму, а пад ім толькі "старык" Гарыні і каля старых валоў толькі адзін хутар. А можа, і яго цяпер няма. Кожнаму вызначаны свой рубеж, як сказана продкамі.