Читать «Мой се градок!» онлайн - страница 6
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна, Кіеў. Дык як жа магу я, унук свайго дзеда, не ставіцца да іх і да Беларусі з лёгкай добрай іроніяй і як я не магу не разбіць носа кожнаму, хто ўздумае жартаваць з іх нядобра і ўсур'ёз?
Я пан жартаваць сам з сябе. Але няхай толькі паспрабуе іншы.
Бо вось усё ўспамінаецца падземны ход пад мур лаўры і святло месяца на бяленькіх хатках Цялічкі, якія адбіваюцца ў начной вадзе рова (там цяпер дамы). І тое, як на світанні глядзеў у туман над Дняпром і здавалася, што вось паплывуць з вярхоўяў варажскія чаўны, і Аскольд з Дзірам спытаюць: "Чій се градок?"
862 год. Першая дакладная храналагічная дата з жыцця старажытнага Кіева. Незадоўга да гэтага Кій, Шчэк і Харыў (або іхні род) "ізгібоша". Я не паленаваўся і перабраў каля сотні радаслоўных розных радоў на Беларусі, Украіне, Расіі. Ёсць сярод іх "доўгія" (Радзівілы — 600 год, і жывуць; Раманавы — каля 600 год; Сапегі — недзе каля 400 год, вымерлі), ёсць кароткія (род Монтвіда, Карыята, Кейстута і Любарта Гедзімінавічаў вымерлі ў мужчынскай лініі ў другім-трэцім пакаленнях). Сярэдняя працягласць дынастыі (асабліва калі ўлічыць, што князі тады арудавалі мячом самі, а не рассылалі загады праз ад'ютантаў) 150 — 200 год.
Нарманісты, хоць ты іх галавою аб сценку таўчы, лічаць, што гэта і ёсць пачатак Кіева. Аднагодак Полацку. Але мы ведаем, што такое першая згадка ў летапісу. Гэта азначае, што дадзены горад нета або спаліў, або захапіў, або нейкая чума ў ім была. Даўжэй, значна даўжэй гісторыя гарадоў. І невядома яшчэ, ці варагі былі Аскольд і Дзір, ці нашчадкі Кія (так кажа Длугаш).
Не ведаю, але калі вось у такую туманную раніцу я нібыта чую з ракі пытанне: "Чій се градок?" — мне хочацца загарлаць ва ўсё горла: "Мой! Мой гэта градок! І спрадвеку быў мой, як спрадвеку маёй была, і ёсць, і будзе мая вялікая рака!"
Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш унутры яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), усю літаратуру аб паўстанні 1863 — 64 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М.С.Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне; пятнаццаць год — пасля толькі пяць год, але ўжо праз чатыры гады ад эпіцім'і быў вызвалены). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных выпадкаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г.В.Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне даюць па лапах прадузятай думцы.