Читать «Мой се градок!» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Мой се градок!

Пасяленням чалавечым на месцы, дзе стаіць зараз Кіеў, сорак… дваццаць пяць… (Кірылаўская стаянка) дзесяць тысяч гадоў. Так што, магчыма, яшчэ апошнія неандэртальцы палявалі тут на мамантаў і шарсцістых насарогаў. І так яно і ішло пасля: не зводзіўся на гэтым зручным месцы чалавек. Па берагах рэчак і ручаін, што беглі ў Дняпро. У неалітычных пячорах, над якімі пасля ўзнікла Кірылаўская царква, на Саломенскіх схілах, на Лысай гары. І плямёны трыпольскай, медна-каменнай культуры былі тут. Ішло людское жыццё-быццё, і ў познетрыпольскіх знаходках сафіеўскага тыпу пачынае трапляцца ўжо не толькі ўзбраенне паляўнічага, але і зброя воіна. Трэба было бараніць маёмасць, а значыць, і весці войны дзеля ўзбагачэння захопленым чужым дабром. І прыйшла эпоха бронзы, эпоха вайны. А пасля жалеза. Перад самай вайной археолагі даследавалі Карчувацкі могільнік (Зарубінецкая культура, ІІ ст. да н. э. — І ст. н. э.).

Не трэба думаць, што ўсе гэтыя (і пазнейшыя) помнікі археалогіі — гэта паслядоўная і бесперапынная гісторыя таго самага Кіева, што ёсць сёння. У іх няма развіцця, няма бесперарыўнай традыцыі. Гэта проста: нарадзілася пасяленне — пайшло ў нябыт — зноў вырасла… Няма ніводнага пасялення, якое існавала б увесь час ад эпохі бронзы і ранняга жалеза і аж да сярэднявечча, калі ўзнікла пісьмовая традыцыя, ці крыху раней, да эпохі легендарных братоў — заснавацеляў горада Кія Шчэка і Харыва.

Легенда гэтая, прыведзеная ў летапісу, на жаль, не дае нам дакладнай даты. А археалогія гаворыць нам толькі, што было некалькі дафеадальных селішчаў, якія былі папярэднікамі, існавалі перад стварэннем самага старажытнага кіеўскага гарадзішча замка (недзе ў пачатку другой паловы І тысячагоддзя нашай эры). Магчыма гэта было ўжо і славянскае замчышча (Хатомель на беларускім Палессі адносіцца да таго самага часу, і гэта ўжо — славяне). Магчыма, менавіта аб гэтай рэальнай з'яве і гаворыць летапісная легенда. Мы не ведаем, ці было тое замчышча "градам Кія". І застаюцца яшчэ такія пытанні, як "ці можна назваць тое гарадзішча горадам" (горад — гэта месца, дзе жыхары рамеснічаюць і гандлююць і вырабы свае мяняюць на хлеб, якога самі не вырабляюць у дастатковай колькасці). І застаюцца пытанні культурнага, сацыяльнага, горадабудаўнічага (развіццё гарадской тэрыторыі) адзінства.

Гандаль? Магчыма. Трапляюцца на тэрыторыі Кіева нават манеты старажытнагрэчаскага і рымскага часоў. Абшчыннае пасяленне (большую частку ўсяго вырабляюць для сябе) або горад (большую частку ўсяго вырабляюць на абмен) — гэтага мы пакуль дакладна не ведаем.

…Замкавая гара, дзе нібыта была першая рэзідэнцыя Кія да таго, як ён пабудаваў горад на Старакіеўскай гары? Цяжка сказаць, бо тут культурныя пласты наслойваюцца адзін на адзін ад рубяжа нашай эры. Старакіеўская гара, гарадзішча на якой і атоесамліваюць з "градам Кія"? Невядома. Капішча — яно было тут. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што і пасяленне тут было, у ІХ — Х ст. Менавіта тут у ІХ — Х стагоддзях стаялі і два княжацкія палацы, і тут тады ўзнік дзяцінец Кіева, у межах якога горад разрастаўся ў Х — ХІ стагоддзях, атрымаўшы назву "Уладзімірава горада". Тут была першая царква горада, Дзесяцінная.