Гарадзішча старое на зліве рэк. Больш як дзесяць стагоддзяў назад Першы зруб паставіў тут чалавек І дубовы ўзвёў палісад. Ўсё даўно прамінула, і толькі вясной, Калі повень схлыне далоў, Аддае неахвотна абрыў над ракой След даўно прамінуўшых гадоў. Дагарае сонца на весняй рацэ, Я прыйшоў на знаёмы плёс І стаю са звычайнай цаглінай ў руцэ, Ўсхваляваны амаль што да слёз. На паверхні счарнелай цагліны старой, Што адмыла рака на свет, Бачу я адбітак лапэткі малой, След дзіцёнка, забыты след. Дзевяцьсот разоў май ішоў па зямлі, Разліваючы ў рэках сінь, З тых часоў, як на замчышчы вежы ўзвялі З гэтых самых адменных цаглін. Быў спякотны дзень. Пад ценем бяроз Цэгла сохнула на траве. Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс, З белым пухам на галаве, Без штаноў, хадзіў на крывых нагах, Еў груднічнік і розную дрэнь, На жабінае племя наводзіў жах, Даганяў свой уласны цень. Калі б бацька на сына вочы ўзняў, Ён бы мог пабачыць, што сын З асалодаю босай нагою ступаў На паверхні вільготных цаглін. І адбітак малой дзіцячай нагі У аснову крэпасці лёг. Шмат разоў прыходзілі варагі На краіны лясной парог, Шмат разоў стагнала зямля ад тугі І ўзрастаў на руінах палын... Але быў непарушны адбітак нагі На паверхні сырцовых цаглін.
"Стаю ўначы ў завіруху..."
Стаю ўначы ў завіруху - Аддаўся наплыву мар. Ноч уважная слухае, І вецер гайдае ліхтар. Што са мною - не знаю. Сэрца трывогу б'е. Кахаю? Здаецца, кахаю. Напэўна, кахаю яе! Клянуся зарою вяснянай І тым, што міне зіма, - Няма ў мяне іншай каханай, Іншага друга няма. Кахаю... у хустцы і ў косах, Ў завею і летні гром, Кахаю абутую й босую, З кнігамі і з сярпом. З ёй - радасць, адному - гора. На гэтым цвёрда стаю. Ноч крочыць, І чуюць зоры Клятву маю.