Читать «Матчына душа» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Заяц варыць піва 

Туман плыве з нізіны сівы Над нівай голай і пустой. "Глядзіце, заяц варыць піва", - Жартуюць людзі між сабой. А я відушчым бачу зрокам, Як ён прысеў каля агню, Трыгубы, шэры, касавокі, І піва варыць з ячмяню. Яліна іскрамі страляе, А ён прыладзіў кацялок І трэскай варыва мяшае, Каштуе, сплёўвае набок. І піва заяц варыць густа, А на закуску - бурачок, Трава, заечая капуста, Галін асінавых пучок. З зайчыхай вып'юць па маленькай І дзеткам трошкі паднясуць, Пужлівым галаском таненькім "Цвіцела морква" завядуць. Пабачыш - не гані з абсады, Дай хоць на гэты дзень спакой, Павінна ж быць і ў зайца радасць Перад халоднаю зімой.

Орша 

Яна не блішчыць красою, А ў сэрца навек запала З паркам сваім змарнелым, З сваёй Кабыляцкай гарой, З лянівай сястрой Аршыцай, Што летам бруіцца памалу Ў шырокі, як песня наша, Магутны, сівы Дняпро. Хаткі, што да абрыву, Як ластавак гнёзды, туляцца - Родныя і дарагія, Як поціск сяброўскай рукі; Брук, размыты дажджамі, Пыльныя ўскраіны вуліцы, Куродым на сценах будынкаў, Дальнія цягнікі. Далёка яна ад мяне, Адзіная і дарагая, Ў чорных істужках чыгунак, Што ўсю яе абвілі, З народам сваім, што ў бітвах Ніколі не памірае: Заслонава слава звоніць На ўсіх перагонах зямлі. Калісьці... Было і такое... Хацелі пазбавіць крылляў... Быдлам нас называлі, А ўсё ж такі мы былі Нязломнымі ў чорнай бядоце, Гордымі і ў бяссіллі, Бо род наш быў пралетарскі, А рукі - у чорным вуглі. Мы паціскалі плячыма, Калі нам з пагардай казалі, Жадаючы ў час вясёлы Рабочы наш род абсмяяць: "Знаёмяцца ў вас на вапне, На вапне вы нараджаліся, Вапна ўсіх вас карміла, У вапне вам і ляжаць". Паслухайце: наш ён, наш горад, Няхай і суровы часам, - Працоўнае гордае права Здабыў у цяжкой барацьбе, Гэта наш родны горад, Яму не патрэбны прыкрасы, Ён сам для сябе прыкраса І гордасць - сам для сябе. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі І ўмелі плавіць метал, У цёмных каменяломнях Белы вапняк ламалі, Гліну і торф здабывалі, - Гарачы у нас запал! Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой, З бярозамі над Аршыцай, З вясёлым сонейкам мая, З блакітам першых пралесак У косах каханай маёй. Тут нарадзіліся думкі, Воля, імкненні, жаданні, Тут стаў я сынам краіны, Абпален яе агнём... Таму і люблю я Оршу Першым вялікім каханнем, Якое не знікне, пэўна, Нават з маім жыццём.