Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 5
Юры Станкевіч
Але Сямён Карнюшка і не збіраўся ацэньваць яго. Ён кляў цяпер сябе за тое, што тры гады таму не забіў ваўчаня разам з усім вывадкам, які выпадкова знайшоў у лесе ля ручая, амаль побач з вёскай. Тое, што рэдкія па цяперашнім часе ваўкі чамусьці не сяліліся ў дрымучых лясах, у нерушы, а ўсё часцей выводзілі патомства вось так, непадалёку ад чалавека, — у гэтым была таямніца.
У вывадку было пяцёра ваўчанят. Ён прынёс усіх дадому і, не зважаючы на крыкі жонкі і маўклівую пагарду Лявона, сына-васьмікласніка, узяў сякеру і панёс усіх за пуню.
На зямлі яны не разбягаліся, а гулялі: нападалі і абараняліся, імітавалі бойку, гірчэлі зусім як сабачыя шчанюкі, і кожнае, калі ён браў яго за шкуру за вушамі і трымаў, спрабавала кусацца, і тады ён узнімаў сякеру і гаварыў:
— Цябе, ваўчару, заб’ю, але тым уратую іншых!
Бледны Лявон стаяў і глядзеў. Спытаў толькі:
— Якіх іншых?
— А тых, — адказаў ён, — якіх гэтыя стварэнні, калі вырастуць, жыцця пазбавяць.
На што Лявон, смаркач яшчэ, заўважыў:
— Не ты ім жыццё даваў, не табе і адбіраць!
Пятае ваўчаня, самае ладнае, ён чамусьці пакінуў. За чатырох, якіх прывёз у райзаг, яму далі даведку, па якой ён атрымаў дзвесце рублёў, бо за кожнае ваўчаня, якое не дасягнула трохмесячнага ўзросту, выплочвалі па пяцьдзесят рублёў, а за дарослага ваўка — сто.
Праз тыдзень ён, ужо на падпітку, выхваляўся перад суседзямі дармовымі грашыма і запрашаў усіх паглядзець ваўчаня.
Спачатку былі салодкія хвіліны. Аб тым, што ў яго гадуецца воўк, напісала ў раённай газеце карэспандэнтка — маладая, гаваркая і, на яго думку, вялікага розуму жанчына. У старонцы аховы прыроды з’явіўся артыкул, у якім расказвалася пра калгасніка Карнюшку (ён працаваў у калгасе паляводам) і яго сябра — Лупа. Менавіта яна ўзнагародзіла ваўка мянушкай, якая і прыліпла, хаця Карнюшка прапанаваў сваю. Неяк праз год ён зноў сустрэў на дарозе знаёмы «ўазік», і там сядзела тая самая жанчына-карэспандэнт — праўда, састарэлая і заклапочаная, хаця Карнюшку пазнала, і ён тады не ўтрымаўся, спытаў: чаму менавіта Луп? Жанчына ўсміхнулася і растлумачыла, што гэта ад лацінскага лупус — воўк. І Карнюшка адразу згадзіўся: а як жа, вельмі трапная мянушка.
З несамавітага чалавека ён адразу стаў вядомым. Яго з ваўком сфатаграфавалі ў газету, і Карнюшка ўзняўся на новы прыступак пакрысе затухаючай славы.
Але далей справы пайшлі горш. Луп рос і станавіўся ўсё болей неспакойнай істотай. Карнюшку давялі, што ваўчыцу яшчэ можна прыручыць, а вось самца — наўрад. «Усё роўна ўцячэ, — гаварылі яму, — як ваўка ні кармі, ён у лес глядзіць». «А ланцуг нашто?» — адказваў на тое Карнюшка.
Кармілі Лупа збольшага. «Лепш яшчэ аднаго кабанчыка трымалі б», — не раз даводзіла жонка, але Карнюшка злаваў і гнуў сваё. А Луп рос, і таму тонкі і не вельмі моцны ланцуг замяніўся на даўжэйшы, з тоўстымі звеннямі. Пасля неаднаразовых дарэмных спроб перагрызці яго Луп пакінуў свае намаганні. А на трэцім годзе жыцця ён упершыню падаў голас.