Читать «Крытыка» онлайн - страница 3

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І вось тут паўстае адно вельмі важнае пытанне. Ці павінен паэт, які перакладае, памерці ў тым, каго ён перакладае? Я ведаю, для моцнай паэтычнай індывідуальнасці гэта цяжка, амаль немагчыма. Дух не хоча змяшчацца ў чужой амфары, няхай нават чароўнай, бунтуе, узламвае яе. Хоча сам для сябе зляпіць форму-ёмішча. І я не ведаю, што тут лепей: слабы дух у чужой велічнай форме або моцны, які тую форму зламаў. Відаць, у перакладзе, майстэрстве, якое ўсё ж павінна зберагчы чужую амфару, патрэбна трэцяе: захаваўшы сваю магутнасць, усё ж памерці ў другім, аддаць яму сябе самога, стаць яму слугою, як гэта ні цяжка. Але, з другога боку, як тады ставіцца да перакладаў Лермантава? Што яны, уласныя вершы ці пераклад з Гейнэ? Не ведаю. Ведаю толькі, што пераклад "Урыўка" пераходзіць ужо ў другі жанр, незаконна занядбаны цяпер жанр пераймання.

Эпіграмы і эпітафіі пераклаў для зборніка Семяжон. Аб іх, бадай, і не варта шмат гаварыць. Зроблена гэта лаканічна, з уласцівымі перакладчыку тонкасцю і гумарам. Пасля чароўных перакладаў з Бёрнса гэтага ад яго можна было чакаць. Вось урывак з эпіграмы на самазабойства брытанскага міністра Каслры:

Ты здох, а ўсе мы дыхаем вальней І думаем: каб гэта ўсё раней, Пакуль ты рэзаў Англiю па лёгкіх, — Вось бы ўздыхнуў народ, але з палёгкай!

Эпіграма — жанр няўдзячны. Усе смяюцца, усе здзіўляюцца, як лёгка і дасціпна льюцца словы. І ніхто не ведае, як гэта цяжка. І паэту, і перакладчыку.

Памер артыкула, на жаль, не дазваляе сказаць добрага слова ўсім астатнім перакладчыкам вершаў.

Цяпер пра паэмы, містэрыі, публіцыстыку. І перш за ўсё пра пераклад "Чайльд Гарольда".

"Чайльд", яго чатыры песні, перакладзены чатырма аўтарамі: Рыгорам Барадуліным, Міколам Арочкам, Язэпам Семяжонам і аўтарам гэтых радкоў.

Мне вельмі хочацца пахваліць свой пераклад. Але я не маю саманадзейнасці аднаго раманіста, які, пералічваючы раманы, што зрабілі пераварот у нашай белетрыстыцы, скончыў спіс словамі: "і раман аўтара гэтых радкоў". Таму я прамаўчу і замест няпэўнай свае кандыдатуры выстаўлю ўсе астатнія, асабліва ж — сапраўды выключны па чысціні і яснасці — пераклад Язэпа Семяжона. У ім няма залішняга пафасу, у гэтым перакладзе… Байран і ў пафасе сваім часам іранічны, вонкава лёгкі, нават легкадумны. Ён, як і Пушкін, і жартуе, і празаізмы ўжывае, і… раптам хапае за душу жалезнай, страшнай рукой рафасу — і стогн, крык ірвуцца з сэрца. Гэтыя ўласцівасці ў поўнай меры перадае праца Семяжона.

Вось пра Венецыю:

На ўлонні акіяна, на выгодзе Ты гордаю Цыбелаю марской Раскашавала не адно стагоддзе З тыярай стромых веж над галавой.

Калі б я жыў у век рамантыкаў, я сказаў бы, што Чэрвеньскія палі падаюць руку Анслейскім палям, каб іхнія верас і шыпшына сталі братам і сястрой нашаму верасу, нашай дзікай ружы.

Перакладу "Чайльда" ў пэўнай меры, відаць, перашкодзіла практыка нашага перакладу наогул. Дадзена згода на выданне кнігі перакладаў (з'ява досыць рэдкая) — і вось пачынаецца ліхаманка. Буйныя рэчы, як той самы "Чайльд Гарольд", трэба перакладаць гады. А час не чакае. Таму рэч даецца некалькім майстрам. Іначай проста немагчыма. І вось людзі бяруць на свае плечы велічэзную працу, але ў розных раздзелах усё ж заўважаецца рознастылёвасць.