Читать «Крытыка» онлайн - страница 6

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ягоная творчасць вучыць любві да радзімы і волі, вучыць сумленню, нянавісці да клерыкалаў, да ханжаў, да поскудзі, да філістэраў, да гнілога быдла, якое церпіць выспяткі, да добраахвотных халопаў, што цалуюць чужынскія рукі. Яна непрымірымая ў нянавісці, бо любіць людзей.

Ці ж гэта не наш сучаснік? Вось аб капітале:

Вы згінеце, як знізіцца цана! Для вас жыццё шчаслівае — вайна. . Ад думкі той вам галава баліць, Што бедны стане лепш на свеце жыць. Лягчэй людзям, — тлумачыце вы нам, — Калі ўсе грошы аддадуць панам. Вось аб манархах, якія хочуць вайны: Лепш меч на плуг табе перакаваць, Лепш цаліну пустэльную ўзараць, Ад рабства вызваліць народ лепш свой, Чым кідацца туды сторч галавой. Аб дыктатарах: Гарачка ўлады кінулася ў кроў Стваральнікаў вучэнняў і дактрынаў, Правадыроў, паэтаў, дзеячоў. І ўсе яны, вялізныя мужчыны, Дурней за тых, каго дурыць павінны. Зайздросцяць ім. О божа мой, чаму? Каб чалавецтва глянула ў глыбіні Такой душы, падобнай на турму, — Не трэба славы ззяння век было б яму. Аб рэвалюцыях: Стаіла страсць у логвішчы дыханне, Ды пройдзе час — паўстане гневу раць, І права помсты, кары й даравання І сёння не прымусіць нас чакаць.

Байран верыў у справядлівасць для мільёнаў. Верыў у тое, што ў нядолі, у грубай сілы, рабаўнікоў, здзерцаў, гвалтаўнікоў і ашуканцаў нядоўгі век.

Ён быў атэіст. Гаворачы пра славу бога, ён разумеў славу і сілу праўды, якая робіць магутным нават слабога і пакрыўджанага.

I нам трэба падзякаваць перакладчыкам за тое, што яны данеслi да нас золата радкоў вялiкага англiчанiна.

Не, не англічаніна. Вялікага чалавека, які аднолькава належыць усім мовам і ўсім народам зямлі.

Невялічкая кніга ў мяцежнай, барвяна-чорнай вокладцы, кніга на нашай, на маёй і тваёй, чытач, роднай мове сведчыць аб гэтым.

А бадай вам цiкава было

Сёння ў вас свята, дзецi. Старэйшыя прынеслi вам падарунак, цудоўна выдадзеную кнiгу беларускiх народных казак. Малым пачытаюць гэтыя казкi бацькi, большыя — самi будуць чытаць i разглядаць малюнкi. I адразу ўстане перад вамi дзiвосны свет, дзе ходзяць каткi — залатыя лабкi, дзе воўк з сабакам — зусiм па-чалавечы — гарланяць на вяселлi песню, дзе ў балоце водзяцца смешныя дурнаватыя чэрцi.

Мы, дарослыя, зайздросцім вам. Калісьці і мы смяяліся і заміралі, слухаючы казкі. А ў вас усё гэта наперадзе.

Каму вы можаце падзякаваць за дарагі падарунак?

Кнігу гэтую стваралі сотні людзей, маляваў для яе малюнкі дужа таленавіты мастак. Але перш за ўсё трэба дзякаваць безыменным людзям, якія прыдумалі гэтыя казкі і, праз вякі, данеслі іх да вас.

Так, праз вякі. Пра рыбу, што праглынула пярсцёнак, людзі расказвалі тры тысячы год назад.

Чалавек тады шмат чаго не разумеў і лічыў, напрыклад, што пад час зацьмення змей крадзе сонца. Таму і нельга казаць, што казка — байка і выдумка. Не зусім.