Читать «Крытыка» онлайн - страница 49

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Рытм нельга забіваць, гэта не забаўка, не цацка для дасужых паэтаў. Гэта найлепшы сродак адкінуць усё непатрэбнае, сказаць галоўнае сцісла, афарыстычна, каб мозг чалавека назаўсёды затрымаў думку ў сабе.

Не сакрэт, што старажытныя ваяводы, будучы непісьменнымі, перакладалі данясенні ў верш і прымушалі ганцоў завучваць яго; не сакрэт, што людзі, якія ў выніку ранення страцілі памяць, цвёрда памятаюць адно: вывучаныя калісьці вершы. Мы не належым ні да першых, ні да другіх. Прыгадваюцца словы А. К. Талстога аб тым, што ў некаторых вершах (безумоўна, дрэнных) усякая балбатня так яскрава выступае, што яе крэсліш і крэсліш.

Але тут жа прыгадваецца і другое выказванне. Калісьці Кірэеўскі сказаў сябру, які пачынаў пісаць:

— Каб ты пісаў вершы… кожнае слова, добра сказанае, мела б для цябе цану добрай думкі… ці хочаш быць добрым пісьменнікам у прозе? — пішы вершы.

Прыхільнікі знішчэння формы і думкі, прыхільнікі самастойнага слова зрабілі б з гэтага выказвання выснову, што вершы надаюць нават беззмястоўнаму слову нейкі змест і значэнне. І на гэтым бы спаймаліся, патрабуючы свабоды верша на мяжы прозы.

Мы зробім іншую выснову: як магчыма адмовіцца ад такой моцнай зброі, як вершы, рыфма, рытм, калі яны надаюць сілу ўздзеяння нават адносна беззмястоўным, няпэўным і туманным, хоць чароўна прыгожым сказам?!

Ты в поля отошла без возврата. Да святится имя твоё! Снова красные копья заката Протянули ко мне остриё.

Як павiнен тады абылганы iмi верш узмацняць сiлу ўздзеяння пэўных i акрэсленых сказаў?!

І ці можам мы адмовіцца ад рытму і рыфмы, ад лепшай, ад найболш моцнай нашай зброі? Вядома, не.

У нас застаецца традыцыя беларускай народнай песні, традыцыя вершаў, якія выраслі на гэтай багатай глебе, вершаў Купалы і Багдановіча, Багушэвіча і Коласа.

Наш шлях — гэта не шлях знікнення рыфмы, звядзення рытму на ўзровень прозы праз вольны шлях. Наш шлях ва ўдасаналенні рытмаў нашай паэзіі. Гэтую справу распачаў яшчэ Багдановіч, а мы павінны прыстасаваць усе рытмы, на якія толькі здатнае музычнае вуха, да нашай гожай, гнуткай мовы, вытанчыць рыфму да меж магчымага, дзе яна была б дасканалай і, адначасова, не абмяжоўвала паэта і не перашкаджала чытачу ўспрыймаць вобразы верша.

Дзеяслоўная рыфма, рыфма, пабудаваная на сугучнасцях, складаная рыфма, каламбурная рыфма — усе прыдатныя для верша.

Не знікненне формы, а росквіт яе, росквіт насуперак намаганням доўбнегаловых кансерватараў і лёгкадумных "наватараў", рэвізіяністаў і фармалістаў розных гатункаў.

Гэта наш шлях, на якiм стаiм i змагаемся за ўсё лепшае, перадавое, што нясе з сабой наша савецкая паэзiя.

Примечания

1

Нягожа гаварыць пра недахопы ў прымяненнi да такога цудоўнага верша. Але гэта недахоп не толькi яго. Iншы раз аўтару не хапае пачуцця меры. Доказы грувасцяцца гара на гару, калi хапiла б i пясчынкi. Маленькi чалавек гаворыць: "Мяне не заб'еце. I толькi за тое, што я поляк". I тут жа крычыць: "Хто ты естэсь? Поляк малы". Ён гэта ўжо давёў. Больш стрымана i высакародна. Але гэтая нястрыманасць ва ўзвышаным — гэта i ўвогуле наша агульная беларуская рыса.