Читать «Кніганошы» онлайн - страница 3
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Значыць - подзвіг і каханне.
Другую частку свае жыццёвае праграмы прапаршчык нядаўна пачаў выконваць: выпадкова сустрэў на местачковым кірмашы сялянскую дзяўчыну і вось ужо восьмы раз хадзіў за сем вёрст у мястэчка, каб убачыць яе. Імя ў яе было цудоўнае - Гануся, ды і ўся яна як найлепш падыходзіла для будучай рамантычнай гісторыі: сінявокая, ціхая, сціплая, але ў кожным руху стрыманая сіла. А пра хаду і казаць не трэба.
Дзіва, а не хада! Лебедзь плыве, а не дзяўчына ідзе! Словам, у гэтым сэнсе Буткевіч быў цалкам давольны сабою.
І якое дзіва? Яму было толькі дзевятнаццаць год.
...У гэты вечар яны павінны былі ісці ў сакрэт: тры салдаты і Вольке, які не мінаў выпадку асабіста ўдзельнічаць у ловах кантрабанды.
Буткевіч папрасіў, каб узялі і яго, хаця была чарга другога. Выпадак для подзвігу мог надарыцца кожную хвіліну, і крыўдна было б яго прапусціць.
Вольке паціснуў плячыма. Хай ідзе, калі ўжо так хоча. Ён толькі адпусціў грубы жарт:
- Думаеце, яна на вас будзе глядзець з асаблівай пяшчотай? Яна і так траціць розум з радасці, што вы прыліплі да яе.
- З радасці не з радасці, але думаю, што я ёй не зусім абыякавы, - сказаў сціпла Буткевіч. - Апошні раз, напрыклад, яна сказала, што я добры.
- Ну, вось бачыце. Раман ідзе сваёй чаргой, і дзеля гожых вачэй, дальбог, не трэба мерзнуць у хмызах і пакутаваць. Праз нейкі месяц вы яе пацалуеце. Месяцы праз тры-чатыры даможацеся свайго. А можа і раней, гэта ўжо залежыць ад спрыту. Але не пазней як праз чатыры.
- Магчыма, - сказаў Буткевіч. - Калі ажанюся да таго часу.
Усмешка грэшнага анёла знікла з вуснаў Фердзі.
- Кіньце, прапаршчык, - сказаў ён. - Вы што, не ведаеце вясковых дзяўчат? - І вельмі ўдала перадражніў: - А дзевачкі! А таечкі! А што гэта ён!.. Пусці, ёлуп, пусці, кажу, а то...
Апошняе слова было непрыстойнае, у сэнсе «дрэнна мне будзе». Буткевіч пачырванеў і палажыў флейту.
- Мне не хацелася б, каб вы ў такім тоне гаварылі пра свет, у якім жыве, магчыма, мая будучая жонка.
Вольке за ягонай спіною толькі пакруціў пальцам ля лба. Потым уздыхнуў.
- Добра ўжо. З часам агойтаецца. А цяпер давайце збірацца.
Гэтай ноччу сачыць трэба было асабліва пільна: даўно пагаворвалі, што ў адну з трох начэй з-за мяжы пойдзе Корч, самы славуты з усіх кніганош. Аб гэтым, у прыпадку злосці на яго, прабалбатаўся нібыта ў местачковай карчме Яўхім Спіса, мужык з вёскі Плавуцічы. Злосць злосцю, але ні Яўхім, ні яшчэ хтосьці з мужыкоў нічога больш не сказалі.