Читать «Кніганошы» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

- Не здагадаліся. А можа, забіты сваяк таму. Трэба было зрабіць засаду і чакаць. Зрабіць выгляд, што пайшлі, і чакаць. Вярнуўся б. Напэўна, гэта Корч быў.

Памаўчаў.

- Ён і ўцякаў, бо думаў: другі ўцякае таксама.

- Кіньце, - сказаў Буткевіч. - Што вы, крумкач?

- А што ж... Гэтак пацэліць у цемры - ого!.. А вы што, шкадуеце?

- Малады, - сказаў Буткевіч.

- Та-та-та. Кіньце! Усё адно прыйдуць па труп. Не пакінуць жа, трэба думаць, не пахаванага... Словам, лухта!

Забітага завезлі ў мястэчка і палажылі там на радно, у густую траву ля плота валаснога праўлення. Гэта было зроблена знарок, каб хлопца пазналі. Вольке пакінуў прапаршчыка ў мястэчку, а сам накіраваўся ў павет, далажыць.

Буткевіч быў вельмі раззлаваны. Паручнік зноў спіхнуў на яго самае непрыемнае. А глядзець на забітага было непрыемна. Малады, бялявы, валасы хвалістыя, на мёртвым твары - выраз здзіўлення. Вельмі было шкада хлопца. І потым, няхай нават крамола, але нашто было адразу страляць? Трэба было паспрабаваць злавіць яго жывога. Жывадзёр гэты Вольке, вось што! А цяпер - глядзі! Вартуе, праўда, салдат, але гэта ўсё адно.

...Малады бялявы хлопец ляжыць на радне ў густой траве.

Да вечара траву моцна вытапталі. Чутка аб тым, што забілі нейкага кніганошу, хутка разляцелася па навакольных вёсках. Людзі ішлі і ішлі. Некаторыя спыняліся ля мёртвага і доўга разглядалі твар, над якім пачыналі ўжо віцца мухі. Але варта было спытаць старшыні ў каго:

- Што, ведаеш? - і чалавек, апускаючы павекі або проста гледзячы ў вочы валаснога, абыякава паціскаў плячыма.

- Адкуль я ведаю? Не, не ведаю.

Гэта была сапраўдная змова маўчання. Злуючы на ўсё гэта і на тое, што даводзідца сядзець над забітым, як вароне, Буткевіч нервова спытаў у валаснога:

- Няўжо і вы не ведаеце? Гэта ж ваша воласць.

- Адкуль я ведаю? - зусім як сяляне сказаў валасны.

Ніхто не выдаў, што ведае забітага. Не выдаў нават рухам. Нават незнарок.

Сярод тых, хто прыходзіў, Буткевіч заўважыў Ганусю. Падышла, зграбненькая, сіняковая, у сіняй з жоўтымі кветкамі хустцы, моўчкі пастаяла над забітым і пайшла прэч.

Ён нагнаў яе, паспрабаваў спыніць і ўбачыў, што вочы ў яе халодныя і чужыя.

- Страляеце, - цьмяным голасам сказала яна.

Прапаршчык маўчаў.

- Сорамна, пане Алежа.

- Гэта не я, гэта Вольке, - як хлапчук, паспрабаваў апраўдацца Буткевіч і пачырванеў.

- Я ведаю, пане, - сказала яна. - Але як вы... маглі?

Яна агледзела яго тым самым чужым і дзіўным позіркам. Ён стаяў такі засаромлены, зграбны, у вачах ягоных былі такая горыч і такая крыўда, што яна апусціла вейкі.

- Што ж гэта вы? - сказала яна ўжо трохі іншым тонам. - Як жа гэта вы?

І ён убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна заўсёды глядзела на яго. Але акрамя водсвету ў вачах цяпер былі слёзы не слёзы, а так нешта накшталт безнадзейнага развітання з нечым дарагім.

- Не трэба так, Гануся, - усё яшчэ з некаторай ненатуральнасцю сказаў ён. - Я ж... пакахаў вас.

Яна моўчкі пахітала галавою, адмаўляючы яму ў літасці.

- Не... не...

І пайшла на яго, як на пустое месца. Уражаны, ён адступіў і разгублена глядзеў, як яна ішла затравелай вуліцай, як завярнула за рог драўлянага касцёла, як знікла. І тады ён застагнаў ад сораму і ганьбы.