Читать «Кніганошы» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І вось кніганош загадана было лавіць.

Ніхто не думаў, што аўтары і друкары змушчальных лісткоў і крамольных кніжачак наўрад ці спакусяцца перапраўляць іх цераз кардон такой дарогай, у корабах малапісьменных кніганош. У чужую душу не заглянеш. Валасатыя - хітры народ. І лепей за ўсё было закрыць усе магчымыя падводныя каналы, якімі кніга магла пратачыцца на абшары імперыі. Тым больш што ў самім выглядзе гэтых танюткіх кніжачак, у іхняй паперы, у самім гучанні іхніх слоў было адценне крамолы. Небяспечнай. Зацятай. Нездарма ж сярод тых, што забілі цара, былі два тутэйшыя. А тое, што з-за мяжы ідуць і расейскія кнігі, нікога не абыходзіла. Гэта было яшчэ горш, бо па-расейску чытае большая колькасць людзей, бо галавою забойцаў быў расеец.

Людзі з кардонаў лавілі і часам нават абстрэльвалі кніганош. На тым кардоне, пра які мы завялі гаворку, гэтым займаліся вельмі грунтоўна, бо камандаваў ім паручнік Вольке, афіцэр з быхаўскіх немцаў, сасланы ў глуш за непрыстойныя, нават для афіцэра, папойкі і гульню ў карты. Цяпер ён стараўся выслужыцца, гэты белы бландзін з абліччам рыцарскага збраяносца і ўсмешкай грэшнага анёла. Акрамя таго, яму вечна былі патрэбны грошы, а за кожнага злоўленага кантрабандыста плацілі.

Пяцёра салдат з пагранічнай варты не тое каб не паважалі Фердзі Вольке, але адзываліся аб ім у іранічным ключы: пагоня за набыткам не карысталася поспехам у людзей, увесь набытак якіх быў шыла ды мыла.

Але Фердзі быў ясны, як белы дзень. А вось да другога афіцэра, прапаршчыка Алега Буткевіча, адносіны былі дваістыя. З аднаго боку - просты і нядрэнны хлопец, не б'ецца, не лаецца, грае ў вольны час на флейце, але з другога боку - занадта ўжо стрыманы, ніколі не жартуе з салдатамі. Справа вядомая, кар'еру рабіць пачынае, а такія бываюць небяспечныя: там, дзе другі проста морду набіў бы салдату, ды справе канец, - гэты можа аддаць пад суд.

Салдаты бадай што і не памыляліся. Буткевічаў бацька быў аканомам у невялікім маёнтку, не мог памагаць сыну, і таму Алегу сапраўды даводзілася рабіць кар'еру і дакладна выконваць загады, не дазваляючы сабе разважанняў нават над самымі бязглуздымі.

Але салдаты не ведалі, як гэта было яму цяжка. Заўтрашні генералпалкоўнік (на меншае ён не згадзіўся б!) быў выхаваны на раманах аб вайне і каханні, якіх у дастатку было ў панскай бібліятэцы, дзе ён калісь прападаў. І цяпер ён, пагарджаючы фрунтам і шэрымі, як салдацкі шынель, днямі, старанна выконваў усё, чаму належала быць у гэтых днях, а сам марыў аб вайне ці нават проста аб подзвігу, які прымусіць усіх гаварыць пра яго, зробіць яго спачатку паручнікам, потым капітанам, а там і... дасць яму арміі.

- Вы, Алег, зусім як цыган, - жартаваў Вольке. - Сянцяп, цяпцяп - і май...

Але Буткевічу было ўсё адно. Ён выконваў загады, чакаў подзвігу і марыў пра рамантычнае каханне, пра ўцёкі з дачкой багатага пана або пра сустрэчы з сялянскай дзяўчынай дзе-небудзь каля млына. Гэта магло скончыцца смерцю каго-небудзь з іх, а можа нават і вяселлем. Шлюб заўтрашняга генерала з сялянкай - гэта было б вельмі рамантычна. Калі-небудзь сівы, але з маладым абліччам, увянчаны славаю генерал вернецца з паходу разам з жонкаю, што не захацела кінуць яго і паўсюль ішла за ім. І сярод тых, што будуць яго прымаць, будзе расці харошая зайздрасць, што вось такі малады, а генерал, а яна, глядзіце, былая сялянка («Ах, гэтыя рамантычныя шлюбы... Вы гарэ-эзнік, генерал!»), а так добра, без акцэнту гаворыць па-французску і так кахае яго. Што ён сам дагэтуль не гаворыць па-французску без акцэнту - гэта яго не непакоіла.