Читать «Кар"ер» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

Калі тут нічога няма, тады ў яго застанецца надзея — слабенькая, няпэўная павуцінка, якая, магчыма, павядзе да жыцця з гэтай ямы — у будучыню ці нават у вечнасць…

Тады было гэткае ж спякотнае лета…

Напорны паўднёва-заходні вецер, што ўвесь дзень разгоніста гойсаў па летніх абшарах палёў, надвячоркам трохі аціх, паніжэлае сонца ў рэдзенькай смузе неба страціла свой гарачы імпэт і не пякло, як раней. У караткаватым цяні раскідзістага куста шыпшыны на мяжы здратаванай каровамі жытняй нівы стала прахалодней і ўвогуле цярпіма, калі б не надакучная смага. Каторы ўжо раз Агееў перакуліў над вуснамі трафейную, абшытую лямцам біклагу, і толькі адна кропля з яе ўпала на яго няголены падбародак, казытліва спаўзла за расшпілены каўнер гімнасцёркі. Ні ў біклажцы і нідзе паблізу вады не было. Напэўна, з паўдня ён ляжаў тут на разасланай, са слядамі засохлай крыві, ватоўцы і таміўся ў панылым чаканні, якому, здавалася, не будзе канца. Спярша намаганнем волі ён зацінаў нецярпенне, стараючыся думаць аб чымсьці далёкім, што не адносілася да яго чакання, але спакваля яго ўсё болей разбірала злосць на Малаковіча — ужо ці не забыўся той на яго, пакінутага пад кустом у жыце? Раздражнёнасць яго, аднак, хутка міналася, усё ж ён разумеў, што не, не забыўся, не затым той вёў яго столькі, каб пасля кінуць за які кіламетр ад мястэчка. Зрэшты, Агееў ведаў, што сам Малаковіч цяпер рызыкаваў куды больш за яго — не так проста было ўдзень паявіцца на местачковых вуліцах, каб не нарвацца на немцаў ці на паліцыю. Агееў яму казаў: не спяшайся, давай пераседзім у полі, дачакаемся вечара, а там, як сцямнее, прабрацца праз мястэчка, напэўна, будзе лягчэй. Малаковіч згаджаўся, але во зрабіў па-свойму, відаць, не хапіла трывання дачакацца вечара. Канечне, ён ведаў тут кожную сцежку, кожны закутак і пераход, якія выбегаў яшчэ падшыванцам, але, мабыць, і яго тут ведаў кожны местачковы сабака, які цяпер лёгка мог пазнаць лейтэнанта і выдаць паліцыі.

Час ад часу Агееў нецярпліва прыступаў на адну нагу і, абапёршыся на вінтоўку, пазіраў цераз паблытанае, нахіленае да зямлі пераспелае жыта. За жытам і шырокім бульбяным палеткам відаць былі ўскраінныя дамкі мястэчка, парканы і платы, месцамі атуленыя густой зелянінай садоў і кустоўя. Воддаль, у глыбіні гэтага паселішча, высіліся ў бясхмарным небе два жоўтыя царкоўныя купалы, каля іх бялела нейкая вузкая збудоўка з вастраверхім бляшаным дахам, падобная на пажарную каланчу, ці што. Збоч на ўскраіне зелянела цесная купа старых аграмадных дрэў — можа, на месцы былога маёнтка ці могілак. Адтуль па нябачнай за пасевамі дарозе выехала фурманка з двума седакамі, і порсткае гнядое жарабя то забягала наперад, то адставала, гарэзліва даганяючы затым матку. Малаковіча нідзе не было, і Агееў з прыкрасцю апусціўся на ўляжалую ватоўку, зручней уладкоўваючы параненую нагу, якая пад вечар разбалелася аж занадта. Мінула ўжо шмат часу пасля ранення, а асколачная рана вышэй калена амаль не гаілася, вельмі дакучала на хадзе, асабліва балела ноччу, і Агееў з усё большым неспакоем думаў, ці не застаўся там і асколак. Калі застаўся асколак, дык ягоныя справы дрэнь, з асколкам рана наўрад ці загоіцца, будзе гніць, а то яшчэ падключыцца і гангрэна, тады яму зусім будуць кранты. Спусціўшы да калень сіняе галіфэ, ён абмацаў мокрую павязку, ад якой ішоў агідны гнілаваты смурод. Трэба было перабінтаваць нагу, але бінта ён не меў, учора разадраў на кавалкі апошнюю анучу з аблезлага, у белы гарошак паркалю. Гэта была жаночая блузка, мабыць, той вастравокай маладзіцы з леснічоўкі кіламетраў за трыццаць адсюль. Калі яны з Малаковічам падышлі да гэтай лясной збудоўкі, іх сустрэў ашалелы брэх рыжага калматага сабакі, доўга з хаты за тынам ніхто не паказваўся, пасля выйшаў змрочны сівабароды стары, і яны папрасілі напіцца. З гэтай просьбы яны пачыналі заўжды, калі наставаў час падумаць пра начлег і яду, і па тым, як гаспадары выносілі ваду, вырашалі астатняе. Ваўкаваты выгляд старога даваў мала надзеі, і Агееў кіўнуў Малаковічу раз і другі — маўляў, патупалі, чаго чакаць? Але тут на ганку паявілася маладая, нетутэйшага выгляду кабетка ў лёгкай блузцы і па-гарадскому, на патыліцы, завязанай хусцінцы, яна вынесла вялікую медную кварту сцюдзёнай вады, якую яны па чарзе выпілі ўсю да дна, і Агееў завёў з жанчынай гаворку на тэму «паесці». Маладзіца стрымана, хаця і добразычліва, запрасіла іх у хату, стары прытрымаў ашалелага ад брэху сабаку, і яны апынуліся ў прахалоднай абжытай святліцы са свежапамытай падлогай з новых хваёвых дошак. Пераступіўшы парог, Агееў прыемна здзівіўся ад мноства кветак, якія тут скрозь зелянелі і цвілі — на падаконніках, табурэтках, па вуглах і лаўках, густа застаўленых гаршкамі і вазонамі, нібы ў краме кветак, куды ён аднойчы забрыў у Беластоку. Іх накармілі ячменнай кашай на сале, напаілі малаком, Агееў не супраць быў заначаваць тут і пачаў ужо намякаць аб тым маладзіцы. Раптам у адказ на нейкі ягоны бязвінны жарт яна заплакала, ды так няўцешна і роспачна, што яны знерухомелі. Калі яна выбегла з хаты, барадаты стары сказаў, памаўчаўшы: «Вот мужа яе, сына маво, убілі. А ана із Расеі…»