Читать «Кар"ер» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

Начаваць там яны не засталіся, у Агеева знікла на тое жаданне, а Малаковіч ірваўся да сваіх — заставаліся апошнія тры дзесяткі кіламетраў, і яго цяжка было ўгаварыць затрымацца. Немцаў у гэтым балоціста-раўнінным краі нідзе не было чуваць, мабыць, фронт прайшоў стараной, і яны рушылі ў дарогу — да захаду сонца прайшлі яшчэ кіламетраў восем і заначавалі на полі, у невялікім бярэзнічку. Увогуле прайшлі няшмат, але на большае і не разлічвалі — яны ўжо змагліся. Спярша, калі прарываліся з акружэння і спрабавалі дагнаць лінію фронту, ішлі ўдзень і ўначы, адпачывалі па гадзіне ў суткі і проста падалі на хаду без сну і ад знямогі. Да пераходу цераз «жалезку» іх група налічвала пяцьдзесят сем чалавек, камандаваў ёю маёр з упраўлення арміі, на выгляд надта бравы ваяка з чорнымі касмылявымі брывамі, ён гнаў іх, як толькі было магчыма, каб дагнаць сваіх ці перайсці лінію фронту. Аднак лініі нідзе не было, тапаграфічная карта з двух аркушаў у маёра неўзабаве скончылася, і аднойчы ў змроку яны наткнуліся на нейкую матарызаваную нямецкую часць, якая сваімі амфібіямі, матацыкламі і грузавікамі забіла ўсе вёскі навокал. Мабыць, ім трэба было павярнуць назад ці ўзяць куды ўбок, у абход, але маёр папёр напралом, яны ўвязаліся ў няпэўны зацяжны бой на подступах да нейкае станцыі, немцы тым часам падцягнулі сілы і наладзілі ім такі тарарам, што з усяе групы, напэўна, толькі Малаковіч з Агеевым засталіся жывыя, і то толькі таму, што своечасова зразумелі промах і павярнулі з-пад нямецкага агню ўбок. Пад раніцу яны апынуліся на беразе шырокага, парослага лазняком балота наводдаль ад дарог, немцаў тут можна было не баяцца, і абодва пачалі лаяць маёра, які так па-дурному загубіў групу. Асабліва злосны быў Малаковіч, той ноччу паранены куляй у плячо. Праўда, рана была не цяжкая, куля толькі зачапіла плячо, але ўсё ж рука балела і перашкаджала ўпраўляцца са зброяй. Агееў са сваёй распухлай нагой ледзь трываў пасля той калатнечы, ісці ледзьве мог, і тут яны канчаткова зразумелі, што фронту ім не дагнаць. Менавіта Малаковіч прапанаваў узяць крута на поўдзень і прабівацца ў знаёмыя мясціны, да роднага мястэчка, дзе ў яго заставалася маці з братам і дзьвюма сястрычкамі. А там будзе відаць. Агееў пагадзіўся не адразу. Не надта яму падабаўся такі паратунак, усё ж ішла вайна, а яны былі камандзіры, хаця і параненыя, і адбіліся ад сваёй разгромленай часці, але ўсё ж… «Глядзіце, як хочаце, — не вельмі і настойваў Малаковіч. — А то як бы ў палон не загрымець…» Палонных яны ўжо бачылі на шашы пад Лідай, самі адтуль ледзь вырваліся — неяк выкруціліся ад нямецкіх аўтаматчыкаў, якія прачэсвалі поле бою, і Агееў наважыўся. Выбіраць не было з чаго, а абодва яны былі маладыя і хацелі жыць. Падумаўшы, ён згадзіўся, і ў той дзень яны ўзялі напрамак на гэтае мястэчка.