Читать «Калодзеж і ківач» онлайн - страница 9

Эдгар Аллан По

Не паспеў я апусціць галаву ва ўжо звычнае для яе становішча, як раптам напаўусвядомленая, па-іншаму не ведаю як яе назваць, ідэя вызвалення азарыла мяне. Ідэя, якая ўжо з’яўлялася раней, але адно няўрымслівыя абрыўкі яе закранулі мяне, калі я падносіў ежу да сваіх сухіх, апаленых вуснаў. Цяпер жа думка аформілася цалкам – такая кволая, ледзь ясная, ледзь выразная, але ўсё ж цэльная. І адразу ж, у нервовым прыступе адчаю, я наважыўся яе ажыццявіць.

Цягам доўгіх гадзінаў прастора вакол таго нізкага каркасу, на якім я ляжаў, літаральна кішэла пацукамі. Дзікія, дзёрзкія і прагныя, іх чырвоныя вочы зыркалі на мяне, нібы чакалі, пакуль знерухомею назаўжды і ім удасца нарэшце пажывіцца. “Чым жа, – задаваўся я пытаннем, – яны харчаваліся ў калодзежы?”

Якія б перашкоды я ім ні чыніў, яны ўсё роўна зжыралі ежу з маёй талеркі амаль цалкам, пакідаючы мне адно рэшткі. Увесь гэты час я разгойдваўся на сваім каркасе то ўверх, то ўніз ці памахваў рукой над талеркай, але ўрэшце безуважная аднастайнасць маіх рухаў звяла эфект да мінімуму – ненажэрныя паразіты пачалі часцяком упівацца сваімі вострымі зубамі мне ў пальцы. Рэшткамі тлустай і добра здобленай спецыямі ежы, што засталася ў талерцы, я грунтоўна абмазаў усе папругі, да якіх толькі змог дацягнуцца, а потым, падняўшы руку з зямлі, замёр нерухома.

Спачатку прагныя жывёлы са здзіўленнем і жахам успрынялі перамены, то бок поўную адсутнасць рухаў. Спалоханыя, яны падаліся назад, многія рушылі да калодзежа. Але толькі на імгненне. Не дарма я разлічваў на іх пражэрлівасць. Бачачы, што я ляжу абсалютна нерухома, адзін ці два самыя смелыя з іх ускочылі на каркас і пачалі нюхаць папругу. Гэта стала сігналам да дзеяння для астатніх. Цэлым войскам яны кінуліся з калодзежа. Чапляючыся за драўляны каркас, яны пераскоквалі праз яго і сотнямі асядалі на маім целе. Вывераны рух ківача ім зусім не замінаў. Унікаючы яго хістанняў, яны ўсаджвалі зубы ў пахкую ад спецый папругу. Я трымаў на сабе іх цяжар, а яны кішэлі на мне ўсё новымі і новымі хеўрамі. Пацукі спляталіся разам ля самага майго горла, іх халодныя лапы бегалі па мне, і я ледзь не задыхаўся пад цяжарам гэтай жывой шэрай масы. Агіда, апісаць якую мне не хопіць словаў, напінала мне грудзі і жудасным холадам напаўняла сэрца. Але я ведаў: яшчэ хвіліна – і палону майму канец. Я выразна адчуў, як аслаблі мае папругі. І прынамсі ў адным месцы пацукі ўжо зрабілі сваю справу. У звышчалавечай рашучасці я працягваў ляжаць абсалютна нерухома.