Читать «Калодзеж і ківач» онлайн - страница 7

Эдгар Аллан По

Мінула, мабыць, паўгадзіны ці нават гадзіна (звязаны, я толькі прыблізна мог меркаваць пра час), калі я зноў глянуў наверх. Што я пабачыў там, збянтэжыла мяне і ў той жа час здзівіла. Амплітуда руху ківача павялічылася прыкладна на ярд. І натуральным чынам узрасла яго хуткасць. Але што ўсхвалявала мяне яшчэ больш, дык гэта тое, што ён прыкметна зніжаўся. Цяпер я пабачыў – з жахам, які і апісваць не варта, – што на самым канцы яго быў серпападобны наканечнік з бліскучай сталі прыкладна ў фут шырынёй ад краю да краю, канцы якога былі загнутыя ўверх, а знізу ён быў востры, як лязо. І, як лязо, вялікі і цяжкі, а ўверсе масіўны і шырокі. Ён быў прымацаваны да трывалага медзянога прута, што, гайдаючыся, са свістам разразаў паветра.

Я больш не сумняваўся ў тым страшным сконе, што быў прыгатаваны для мяне манахамі, вялікімі спецыялістамі ў справе катавання. Тое, што я дазнаўся пра калодзеж, заўважылі агенты Інквізіцыі – пра калодзеж, чые жахі былі наканаваныя такому адступніку, як я, калодзеж – звычная з’ява для пекла, што, па чутках, лічыцца Ultima Thule * ўсіх іхных караў. Падзення ў калодзеж я пазбег абсалютна выпадкова. Я добра ведаў, што нечаканасць ці нават пастка, за якой хаваліся пакуты, былі неад’емным складнікам тых страшных вынаходак, праз якія людзі сустракалі сваю смерць у цёмных склепах. І калі я сам не рухнуў у бездань, у іх д’ябальскія планы не ўваходзіла скінуць мяне сілком, таму мяне чакала (альтэрнатывы быць не магло) зусім іншая, больш міласэрная пагібель. Міласэрная! Я злёгку ўсміхнуўся, халадзеючы ад жаху, калі адчуў усю іронію гэтага слова.

* Скрайняя Фула (лац.) – апошняя мяжа. Фула – напаўлегендарная краіна на скрайняй поўначы Еўропы.

Не трэба і казаць, што доўгімі, доўгімі гадзінамі вусцішы, якую і ўявіць сабе немагчыма, я лічыў хуткія хістанні сталі! Дзюйм за дзюймам – лінію за лініяй. Ківач апускаўся толькі праз пэўныя інтэрвалы, што падаваліся вечнасцю, але імкліва, усё ніжэй і ніжэй! Праходзілі дні – а, магчыма, дзён прайшло вельмі шмат, пакуль ён не пачаў лётаць нада мною так нізка, што я ўжо лавіў едкае паветра яго дыхання. Пах навостранай сталі біў у ноздры. Я маліў, настойліва ўпрошваў нябёсы, каб ён апускаўся хутчэй. Утрапёны, я вар’яцеў, спрабуючы падняцца вышэй і зрабіцца ахвярай гайданняў страшэннага сярпа. А потым я раптам супакоіўся, і ляжаў з усмешкай на вуснах, гледзячы на сваю бліскучую смерць, нібы дзіця на дзівосную цацку.

Пасля мяне зноў апанавала забыццё, але цягнулася яно нядоўга, бо, калі я зноў апрытомнеў, то не заўважыў, каб ківач прыкметна апусціўся ніжэй. Аднак яно, мусіць, заняло шмат часу, бо я ведаў, што ліхадзеі такі заўважылі, што я сплю і, магчыма, пажадалі часова прыпыніць рух ківача ўніз. Калі ж я прыйшоў у сябе, то адчуў таксама невымоўную слабасць і знясіленасць, нібыта праз працяглую змардаванасць. Нават нягледзячы на мой тагачасны стан і ўсе пакуты, маё чалавечае цела прагла ежы. Пераадольваючы боль, я працягнуў левую руку, наколькі мне дазвалялі путы, і завалодаў маленькім кавалкам, што застаўся мне пасля пацукоў. І калі я наблізіў яго да вуснаў, у галаве раптам заіскрылася ледзь акрэсленая думка, што несла радасць і надзею. Але што агульнага магло быць у мяне з надзеяй? Думка тая, як я ўжо сказаў, была ледзь акрэсленаю – такія думкі часта наведваюцца да людзей, але ніколі не спраўджваюцца. Я ведаў, што ёсць у ёй радасць і надзея, але адчуваў, што яна нібы загадзя была мёртваю яшчэ ў самым зародку. Дарэмна я імкнуўся зноў абудзіць яе, зноў авалодаць ёю. Працяглыя пакуты амаль не пакінулі ўва мне разумовых сілаў. Я быў дурнем, быў ідыётам.