Читать «Калодзеж і ківач» онлайн - страница 8

Эдгар Аллан По

Ківач хістаўся пад простым вуглом да майго цела. Я бачыў, што серп наканечніка мусіў прайсці ля самага майго сэрца. Ён кранецца тканіны балахона, вернецца і зноў паўторыць свае рухі, зноў і зноў. Але нягледзячы на шырачэзны да жудасці размах ківача (каля трыццаці футаў) і моцны свіст яго ляза, якое магло б адным рухам разрэзаць гэтыя жалезныя сцены, тканіна на маіх грудзях будзе працірацца вельмі павольна, некалькі хвілінаў, а потым усё будзе скончана. І на гэтай думцы я спыніўся. Я не наважваўся ўявіць, што будзе далей. Я засяроджана затрымаўся на ёй, быццам бы перастаўшы думаць, я мог бы спыніць набліжэнне сталі. Я прымушаў сябе ўяўляць гук металічнага сярпа, калі ён закране мае апранахі, і тое асаблівае пачуццё ўсхваляванасці, што робіць пераціранне тканіны на нервы. Я ўяўляў сабе гэткае глупства, аж пакуль зубы не заскрыгаталі.

Ніжэй, ніжэй ён апускаўся. Я атрымліваў вар’яцкае задавальненне, супастаўляючы яго вертыкальны рух уніз і хуткасць руху па гарызанталі. Направа – налева – далей, шырэй – з пранізлівым енкам праклятага духу, проста да майго сэрца таемным поступам тыгра! Я і смяяўся, і выў, калі то адна, то другая з гэтых ідэяў атрымлівала нада мною ўладу.

Ніжэй – няўмольна, няспынна – ніжэй! Ён здрыгаўся ў трох дзюймах ад маіх грудзей! Шалёна і люта я спрабаваў вызваліць левую руку. Яна была вольнай толькі ад локця да далоні. З вялікай цяжкасцю я мог дацягнуцца да талеркі побач са мной, а потым да рота, але ніяк не далей. Калі б мне ўдалося разарваць путы, што трымалі локаць і плечы, я б вызваліўся і паспрабаваў затрымаць ківач. Аднак з такім жа поспехам я б мог наважыцца спыніць лавіну!

Ніжэй – няўхільна, непазбежна ніжэй! Я ўздыхаў і намагаўся вызваліцца пры кожным яго хістанні. Я сутаргава адхінаўся пры кожным яго ўзмаху. З заўзятасцю бязглуздай роспачы сачыў я вачыма за яго рухамі то да мяне, то ад мяне. І рыўком завяршаўся іх цыкл унізе. Толькі смерць была б збавеннем, якім жа невымоўна жаданым збавеннем! І ўсё ж мяне трэсла ад думкі, як лёгка, заглыбіўшыся, гэта прылада ўвап’ецца сваім вострым бліскучым лязом мне ў грудзіну. І менавіта надзея прымушала мяне скаланацца ад гэтай думкі і ўхіляцца целам. Гэта была надзея – надзея, што трыюмфуе ў катавальнях, што шэпча нават асуджанаму на смерць у цёмных склепах Інквізіцыі.

Я заўважыў, што ўсяго праз нейкіх дзесяць ці дванаццаць хістанняў сталёвае лязо наблізіцца да майго балахона, і тады мой дух нечакана апанаваў глыбокі, стрыманы спакой безнадзейнасці. Упершыню за некалькі гадзінаў – ці, хутчэй, дзён – я задумаўся. Нечакана я зразумеў: путы, ці папругі, што трымалі мяне, не былі аднароднымі. Я быў абвязаны не адной адзінай вяроўкай. Першы ж удар металічнага сярпа наўскос любога ўчастку папругі пашкодзіць яе настолькі, што мне ўдасцца яе развязаць левай рукою. Але ж якой жахлівай робіцца блізкасць вострай сталі! І ці ж не можа скончыцца смерцю гэты мой маленькі супраціў! Да таго ж, прыслужнікі катаў маглі прадбачыць і паклапаціцца пра гэта загадзя. Якая верагоднасць, што путы на маіх грудзях апынуцца проста на шляху сталёвага ляза ківача? Ад страху страціць прытомнасць, калі, як мне падалося, апошняй надзеі ўжо няма, я падняў галаву, каб добра разгледзець грудзі. Папруга апярэзвала мае рукі, ногі і тулава вельмі шчыльна, а таму натуральным чынам была на шляху смяротнага ляза.