Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 20

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Паўза.

Палікар, загадай, калі яна не адумаецца, на Заручаўскіх і на Завіць-Фенскіх могілках усіх схізматаў трупы выкапаць.

Палікар. I што?

Кунцэвіч. I кіньце гэтае падла на сметнік псам! Псы яны ёсць, песяй смерцю здохлі, хай не паганяць святой зямлі. Што ж ты не падаеш? Непахаваным ім ляжаць.

Багуся. Іх пахаваюць. Мо цішком, а мо і пры святле дня, пры ўсіх. А вось хто пахавае вас?

Кунцэвіч. Палікар! Па варту! Усіх магільшчыкаў збіць у купы. З паходнямі. Зараз жа, ноччу.

Палікар выйшаў. Багуся і Кунцэвіч глядзяць у вочы адно аднаму. За вокнамі тупат, галасы. Успыхнула адна паходня, другая, шмат. Злавеснае чырвонае святло. Палікар вярнуўся.

Багуся. Прадалі нас паны, прадалі сільныя. Адны мы засталіся, просты народ. Сяляне, мяшчане, бедныя папы, бедныя гандляры. Прыбітыя, святлом пісьма мала адзначаныя. Але мы – народ. Гэтым усё сказана. Мы – народ.

Яе вывалаклі за дзверы. Кунцэвіч стаіць, учапіўшыся рукамі ў валасы. За акном, дзе агні, зноў тупат і песня.

Гэй, казачэйку, пане ж мой. Я ўпадабала жывот твой. Люба ж табе гараваці, дай мне з табой паехаці, Душа мая, я ўжо твая. Ручку дай, а ўсядай. Я твая. Ты мая, Куліна.

Кунцэвіч. Іхняя песня. Будзьце вы клятыя, горды народ жалезам калёным... Палікар!

Палікар. Я.

Кунцэвіч. Не забудзьце, што гаварылі пра казакаў. Ідзі жалезам. Жалезам. А што, калі не толькі яна кахае? Што я тады рыхтую сабе? Ды не, не. Даб’юся. Пераканаю. Ніхто не адбіваецца, калі яму голымі рукамі сонца з неба здымаюць... Што ж, тады не сын Боніча. Тады дачка войта Завішы. I хай з горада мяса ляціць. За гардзёлку. Хто супраць нас?

Чуваць песня.

Гэй, казачэйку, пане ж мой. Вельмі ж то благі ёсць скарб твой. Казак шчасліў, хоць нябогат. Ніц нікому невіноват. Ён гаруе. Ён чатуе. Дзе паеду – здабуду. У баяраў. Татараў. Куліна.

Заварушылася нешта ў цёмным кутку. З’явіўся твар Касінскага.

Езуіт. Вось хто супраць нас.

Кунцэвіч. Ты, айцец? I, як заўжды, патаемнымі дзверцамі.

Езуіт. Звычка...

Кунцэвіч. Даўно тут? Шмат чуў?

Езуіт. Чуў няшмат. Тое, што патрэбна. Т-та-ак. Ці не збіраешся, пад уплывам апошніх няпэўных чутак, кінуць нас ды сам сабе старацца?

Кунцэвіч. Гэта толькі мая справа.

Езуіт. Ну не! Гэта ўжо не толькі твая справа. Далёка зайшло. Памятаеш, як Масальскі ў цябе страляў? Каб не паклаў яго Палікар – ляжаць бы табе на сырой зямлі. Або як цябе тапіць хацелі? Ці як у Магілёве сказалі, каб убіраўся ад муроў, калі не хочаш атрымаць у азадак дзесяціфунтовае ядро. Ты, відаць, тады асаблівай патрэбы ў такім набытку не адчуваў, бо жыва ўбраўся. Позна, Іасафат.

Кунцэвіч. До. Дагэтуль я слухаў часам вашы парады, хаця й рабіў па-свойму. Цяпер я слухаю толькі сябе.

Езуіт. Што ж, тады мне давядзецца зрабіць табе прыемны падарунак. Магчыма, ты, атрымаўшы яго, перадумаеш.

Кунцэвіч. Што?

Езуіт. На гэты раз не проста збіцце тваіх людзей і не проста тое, што нават ты сам з-за Дзвіны можаш чуць з адбудаваных за палову дня шалашоў песні, і крыкі, і наругі, і кпіны з цябе.