Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 84

К Акула

- Вы сьпiсок усiх зрабiлi, Канстанцiн Паўлавiч? - зьвярнуўся камiсар да Косьцiка.

- Перадаў вам, - адказаў Косьцiк.

- Ну дык калi вы мне перадалi, дык я уж верна перадаў далей... Ну да...

Маршалкаў узiраўся ў Вульлянiны вочы, быццам хацеў сказаць: "Маеш адказ. Чаго яшчэ, баба, хочаш?".

- Ну й што? Дзе мае сыны? - насядала жанчына. Яна выцiрала сьлёзы, пазiрала на людзей, што сьцяной абступiлi яе й двух начальнiкаў. Маршалкаў пачырванеў. Дзясяткi дапытлiвых вачэй i сьцiнутых вуснаў узлавалi яго.

- Слухай, баба, - пачаў камiсар голасам войстрым, як брытва, - цi-ж ты думаеш, што калi-б твае сыны й iншыя былi ў нас, дык мы ня пусьцiлi-б iх дамоў? Вiдаць, што яны ў плен папалiся. Так, верна ў пляну, калi нiякiх вестак няма...

- Ну а калi ў пляну, - голасна насядала на афiцэра Вульляна, - дык ты-ж казаў, што зь немцам вы нейкi там вялiкi саюз зрабiлi, дружбу маеце... гэта-ж вашыя словы... Нi так вы казалi? Ну а калi нiма нi слуху нi духу пра маiх сыноў-галубкоў, дык як тады пра другiх? Што гэта? З усей вёскi людзi пад зямлю правалiлiся, цi што? I яшчо-ж сам казаў, што лiчна сам таварыш Сталiн гэтым займiцца... Мусiць ты такi брахун, як i той поп дубовiцкi!

Буйныя сьлёзы накацiлiся на Вульлянiны вочы. Стрымаўшы дыханьне, народ маўчаў. На ейным плячы лягла рука. Удава адвярнуллася й сустрэла спагадлiвыя, лёгка-блакiтныя вочы лiтоўскага патрыярха.

- Ты, дачушка, нi насядай на гэтага, каб яго макарэц, камiсара. Можа ён i забыцца мог, можа i нi знаiць. Трэба пацярпець, нахрапам нiчога ня зробiш, памагчы нi паможаш, а шкоду можаш на галаву сваю...

Вульляна, цяпер голасна расолакаўшыся, прытулiлася да дзеда. Гладзячы яе па валосах, як дзiця, Якуб улажыў у рот люльку.

Якраз калi дзедава ласкавая й дрыготкая рука суцяшала жанчыну, на дварэ "выбарчага ўчастку" зьявiўся Янук Бахмач. Басаногi, ў зрэбных портках, сiняй кужэльнай кашулi, ён спынiўся й прыглядаўся.

Даўно карцiла Януку пабегчы на тыя выбары, але трэба было карову падаiць, памагчы Мiколу гаспадарку ўпарадкаваць. Пасьля гэнай памятнай Косьцiкавай i Лявонавай вiзыты, зноў пачаў занемагаць бацька. Цi не праняў яго тады скразьняк у варыўнi. Змарнеў, асунуўся, але хваробе не здаваўся i ўсё прадаўжаў з жорнамi ходацца. Пасьля гадзiны-другой пры камянi пачынаў крактаць i зьлягаў у пасьцелю.

- Ты во, Пракоп, у цёплым вылiжся, дык чорт зараз тую трасцу прагонiць, гаварыў, зьнiмаючы банькi, лекар Зянькевiч. - А жорны нiкуды нi ўцякуць. Паляжы во, кажу, дык i немач скарэй выхадзiш.

Каб гэта ў лежню чалавеку было. Духовы ўдар падчас тэй вiзыты нанава зрушыў балючае, падсяканае некалi Палякамi карэньне. Першыя подыхi "народнай улады" ледзянiлi сялянскiя сэрцы. Пракоп наадрэз адмовiўся йсьцi галасаваць.

- Даволi ўжо й так зьдзекуюцца, басякi! - злосна казаў швагру Алесю. I гэта-ж во яшчо хочуць каб чалавек, сабе на душу напэцкаўшы, галасаваць за iх iшоў. Палякi нашто ўжо чэрцi былi, а гэтыя дык iх цi нi пiраплюнулi. А трасца-ж вам у бакацiну.

Гэтыя бацькавы словы прыгадалiся на Пятуховым дварэ, калi ўслужлiвы доктараў Стась падбег да яго й расказаў як Вульляна спачатку распытвала Маршалкава, а пасьля напала на бальшавiка. Мiгам зразумеў малады Бахмач чаму дзед намагаўся Вульляну спатолiць. Сам хваравiты, ледзь-ледзь клыпае, здаецца, а колькi нявычэрпнай сiлы, вялiкага духовага гарту меў гэты сiвы, прыгорблены, аднаногi чашчавiк.