Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 43

К Акула

- Да, та самая.

- Ага, ну харашо, - разглянуўся афiцэр. - Пойдзем у сярэдзiну?

Гэтта Косьцiк зiрнуў на Шпунта.

- Будзьце добры, таварыш камiсар, - паказаў на Лявона, - пазнакомiцца: гэта наш месны акцiвiст i мой харошы друг з падпольнай работы, Лявон Шпунт.

- Очень приятно, - сказаў маскаль, падаўшы Лявону руку.

- Будьте любезны, заходите, - запрашаў Сабакевiч.

За афiцэрам i мясцовымi камунiстамi пайшлi маскоўскiя жаўнеры, а пасля лiтоўскiя сяляне. Адно шафёры трымалiся грузавых машын, каторыя абступiлi дзецi. Сяляне ўваходзiлi ў школу павольна, некаторыя доўга мяркавалi як прысесьцi на цесных вучнёўскiх лаўках.

Пераступiўшы парог, Янук Бахмач здрыгануўся. Нехта яго балюча ўшчыпнуў за мяккое месца. З правага боку за дзьвярмi ў паўцемры сьмехам расплылася грамада дзяўчат-падлёткаў. Здалося, што дзесь мiж пуцатых твараў мiльганулi вочы-васiлькi й дзьве ямачкi ля гарэзьлiвага роцiку. Янук наважна схапiў за руку Дунiну сяброўку Клаву, адцягнуў яе на бок i цяпер пазiраў у насьмешлiвы вясёлы тварык.

- Гэта ты што, куранё такое галапупае, шчыпацца будзiш? Я-ж цябе зараз!

Дзяўчаты пырскнулi звонкiм сьмехам, а Дуня, быццам мiж снапоў, шмыгнула мiж людзей у дзьвярох. Янук замарудзiў, пакуль пралез праз шчыльную сьцяну целаў.

Калi выглянуў на двор, дык зь левага боку ля вугла мiльганула кароткая спаднiца й босыя пяты. Хлапец узяў направа й павярнуў за вугал. Дуня спасьцерагла яго раней i нацянькi, празь Сявенкаву нiву мецiла на казлы з канюшынай. Дабегшы, дзяўчына-рагатуха раптоўна затрымалася. Твар прамянiўся гарэзьлiвай уцехай, ажно паглыбелi на шчоках ямачкi. Пад прыгожай ружовай сукенкай уздрыгвалi грудзi-пупушкi.

Ня мог затрымацца з раптоўнага разгону Янук. Аблапiў дзяўчыну й абое павалiлiся ў мяккую мядова-духмяную канюшыну. "Куранё галапупае" заходзiлася сьмехам, як мага адпiхала хлапца, а Янук шчыпаў яе за бакi.

- Пi-ха-ха-ха... пiрас-ха-ха-ха... пiрас-стань, дурненькi! Пiрастань! Ха-ха-ха! - прасiлася й задыхалася сьмехам Дуня.

Яна спрабавала адкацiцца, каб пазбыцца Януковых рук, але хлапец яшчэ больш насядаў. Дунiн твар налiўся чырваньню й яшчэ больш пахарашэў. Мяккая шаўковая сукенка, каторую Янук бачыў першы раз, лашчыла дзявочую сярэдзiну й нiз яе загалiў каленi. Адкуль нi вазьмiся, Янука апанавала тая самая млявасьць, як тады ў Дунiнай хаце. Духмянасьць сьвежай канюшыны п'янiла галаву, а ў скронях зноў пачалi малаточкi малацiць. Шорсткiя рукi, што ведалi адно пастухова пугаўё, граблi цi поручнi плуга, спынiлiся й шоўк лашчылi.

- Ты, кураня гала...

Ён не даказаў. Дзяўчына раптоўна спынiла сьмех. Адно хвалявалiся грудзi, а ў вачох-васiлькох прытаiлiся гарэзьлiвыя, на паядынак выклiкаючыя агеньчыкi. Памякчэла пругкае дзявочае цела. На ледзь адчыненых вуснах затрымалася пасма пышных валасоў. Шырэй адчынiўся роцiк i валосамi забаўлялiся белыя зубкi. Вочы-васiлькi туманом зацягнула. Дзе гэта штосьцi падобнае бачыў Янук? Цi нi такiя вочы былi ў каровы, калi ей пабегаць прырупiла? Засмужаныя дзявочыя вачаняты сталi да нясьцерпнага болю прынаднымi, яны вабiлi й калолi, дурманiлi й нешта жывёльнае, да гэтага часу нязьведанае ўнутры будзiлi.