Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 41

К Акула

- А хто-ж гэта так зрабiў, каб яго пранцы? - стрымаўшы сьмех, пыталася Кмiтава Аўдоля.

- Ды цi я ведаю? - разьвёў рукамi бездапаможны Лявон. - Гэта-ж каб я ведаў, каб ён мне ў рукi папаўся, дык я-б яму во гэтымi собсьцьвiннымi рукамi галаву адкруцiў-бы. Ды вот што мне нiясна: гэта-ж як ён аж пад страху ўзьлез? Учорака я драбiну прывазiў, а гэты во, - чорт яго бацьку знаiць - як гэта ён узьлез...

Негаманлiвы Аўдолiн Тодар, што даўгаваты час стаяў i прыглядаўся збоку, нарэшце адчынiў рот.

- Дык гэта-ж што ты, нi дадумаўся? Вiдзiш унь Сявенькавы пустыя казлы стаяць, дзе канюшына паськiдана? От прыцягнуў iх сюды, паставiў i ўзьлез.

Запраўды Тодарава спасьцярога мела добрую аснову. Побач на Сявенькавым канюшынiшчы стаялi козлы. Зямля тут добра радзiла й Амэрыканец нядаўна скасiў ды параскладаў сушыцца канюшынную атаву. Адно ля пустых козлаў ляжала збоку вялiкая куча.

- Ты праўду, Тодар, сказаў, - распрамянiўся Лявонаў твар, быццам гэта ён сам, а не Аўдолiн цiхаманы муж гэнае адкрыцьцё зрабiў. - Ну я яго, чарта лысага, знайду, я яго iз пад зямлi выкапаю! Пазнаiць ён як новую савецкуў ўласьць аскарбляць! - зноў злосьцю сьцяўся Лявонаў твар.

- Ды ты, Лявон, от пакуль яго знайдзiш, дык падумай што рабiць цяперака, - цiхiм i разважлiвым голасам параiў Кмiта. - Зараз-жа можа камiсар прыедзiць...

- Так, так, ты праўду кажаш. Але што рабiць? - затопаў заклапочаны Лявон.

- Давай во зьнiмiм ды ўсё.

- Зьняць? Дык гэта-ж мне сам Косьцiк яго даў. Як-жа так, проста зьняць?

- Ну а як-жа паправiш?

Лявон нiчога ня выдумаў i топаў-бы мо яшчэ доўга, калi-б яго Тодар не спанукаў. Наапошку прызнаў рацыянальнасьць Кмiтавай думкi. Зь Сявенькавай нiвы прыцягнулi казлы, падставiлi да школьнай сьцяны ды зьнялi палатно з тым прывiтальным клiчам.

Расла ля школы гушча людзей. Прыходзiлi маладыя й старыя, жанчыны. мужчыны й падлёткi, быццам на веча надзвычайнае. Само слова "камiсар" дзiўнавата гучэла. Што гэта за чын такi? Ваенны цi цывiльны? Сама найстарэйшыя, якую вунь якую даўнасьць ды розныя злыбяды й чужыя ўлады памяталi, намагалiся нейкiя адпаведнiкi знайсьцi, да цяперашняга прымерыць, хоць само цяперашняе больш загадкавым чымся ўчарашняе сталася. На адным усе да згоды прыйшлi, што высокi той чын меў быць. А калi такога чалавека да iх у Лiтоўцы пасылаюць, дык пэўне-ж нешта надзвычайна важнае iм скажа, бо "вялiкi чалавек малымi дзяламi ня будзiць рук пэцкаць".

Раскажа, пэўне-ж, як жывуць людзi ў тых калгасах, каторыя вось чырвонаармейцы пад нябёсы каму трэба й ня трэба выхваляюць. Дый наагул можа раскажа, што iм новая ўлада дасьць. Цi хто тады думаў, што ня ўлада iм, а яны ўладзе даваць маюць? Жаўнерам ты вер i ня вер. Адно ўжо надта дапытлiвыя людзi на языкi ўзялi, што надта-ж усё ў Гацях бальшавiкi раскуплiваюць. У кажнага грошы жмут, усе крамы да сьцен агалiлi. Панясi цi павязi што на продаж, зьмятуць адразу, быццам век таго ня бачылi. А калi ў вас дома рай такi, усяго так уволю, як апавядаеце, дык чаго на наша налятаеце, як мухi на лiпучае?