Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 42

К Акула

Людзей прыбывала. Надыйшоў Амэрыканец Сявенька, што наагул рэдка калi ў людзi паказваўся. Нармальным здалося, што зьявiўся лекар Зянькевiч, катораму нiякай патрэбы да iншых хадзiць ня было, бо свая хата людзьмi заўсёды поўнiлася. Лiтоўскага патрыярха Якуба сын Васiль на калясцы прывёз. Дзед ссаў неадлучную люльку, асьцярожна зьлез з возу, прывiтаўся зь вясковымi. На яго ўсе зьвярнулi ўвагу. Крыху пастаяўшы, Якуб побач сына паклыпаў у школьную залю.

Удава Вульляна, што на спорным кавалку зямлi ля балота жыла, адразу выказала жанчынам свой намер, што пра сыноў-галубкоў, каторых Палякi ў войска забралi, абавязкова камiсара распытаецца. Яе падтрымалi iншыя, каторым пра родных хацелася што-небудзь даведацца. Ацiхла над Бугам вайна, дык цяпер i неба праясьнiцца мае.

Старэйшыя стаялi групамi, апошнiя навiны ператрасалi. Адно дзецi бегалi навокал зь вялiкiм гоманам. Некаторыя падлёткi спажывалi лёгкадаступнае "дабро", прынесенае акупантамi: курылi скручаныя ў газэтную паперу карашкi. Падарожжа ў нязьведаны смак смуроднага дыму адбывалася воддаль ад бацькоў. Адно доктараў Уладзiк дэманстрацыйна скруцiў "казiную можку", ды аж закашляўся, небарака, паказваючы сваю ўмеласьць прысутным дзяўчатам. Пасьля таго, як Паялкi змабiлiзавалi вясковых дзяцюкоў у армiю, падрасла Ўладзiкава ўдзельная вага мiж мясцовых прыгажунь.

Пракоп i Алесь гаварылi зь Сявенькам. Амэрыканцу гадоў за пяцьдзесят пераскочыла, а выглядаў ён куды старэйшы. Асаблiвасьцю ягонай быў вялiкi, падобны да даўгой бульбiны, здэфармаваны нос, чырвонны ды ў жоўтых прышчох. Гэты нос быццам зьдзекваўся з прапорцыi наагул нябрыдкага твару. Сам Сявенька цi раз расказваў, што ў Амэрыцы доўгi час працаваў пры печы ў стальной хвабрыцы Пiтсбургу. Таму твар наагул, а нос асаблiва пацярпеў ад вялiкай гарачынi. Хударлявы, спрацаваны, ён цi не найбольш цiкавiўся што сюды прынёс бальшавiцкi лад. За цяжка запрацаваныя на другiм баку акiяну грошы, ён купiў гактараў звыш трыццацi ўрадлiвай зямлi. Цi дазволiць новая ўлада калiшняму амэрыканскаму рабочаму спажыць плёны свае працы на роднай зямлi?

На дарозе ля могiльнiку, суправоджаныя хмарай пылу, вырасьлi дзьве грузавыя аўтамашыны. Народ ацiх. Машыны прыблiжалiся борзда й спынiлiся на школьным пляцы. Зь пярэдняй кабiны вылез вайсковы афiцэр з трымя шпаламi на пятлiцах, а сьледам за iм iшоў Косьцiк Сабакевiч. З кузаваў пасаскаквалi жаўнеры, чалавек больш дваццацi, усе бяз зброi. Афiцэр агледзiў натоўп. Вочы сялян сачылi кожны ягоны рух.

- Здраствуйце, таварышчы! - сказаў голасным басам парасейску.

- Здрасьця! - адгукнулiся некаторыя.

- Добрую школу, таварыш Бурак, маеце, прынамся звонку. - сказаў афiцэр голасна Косьцiку. - Самi будавалi?

- Да, самi, - адказаў Косьцiк. - Пачалi пры Грамадзе, пасьля-ж...

- Гэта Грамада, каторую Палякi лiквiдавалi, цi як?