Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

К Акула

- На, лезь. Партрэт i лозунг прывяжаш. Вазьмi й ножык, дзiркi прапорыш дзе трэба.

Зяваючы Макатунiшка пераступiла з нагi на нагу. Стройная, танклявая, як бярозка маладая, босая, загарэлыя лыткi, раськiданыя валосы, апранутая ў белую блюзку ў краскi, зялёную спаднiцу, дзяўчына заспанымi вачыма пазiрала на Шпунта.

- Чаму гэта я? А з вас каторы ня можыць?

- Ну лезь ужо, Параска, ня медлi. Ты-ж найлягчэйшая й найболi павярткая ў нас, - спанукаў Косьцiк.

Лявон зiрнуў у вадзiн i другi канец мёртвага гасьцiнца.

- Скарэй во, бо саўсiм разьвiднелася ўжо! - прынагляў ён.

- Лезь, Параска! - падтрымаў сяброў Павалiцкi Хвёдар.

Дзяўчына палажыла ў кiшэню спаднiцы парэзаную вяроўку, Лявонаў ножык-складанчык i пачала таропка лезьцi па драбiне. Дзяцюкi моўчкi прыглядалiся як ёмка ўсьпiналася наверх. Гэтак магла лезьцi адно дзяўчына каля гаспадаркi й лесу выгадаваная. Калi ўзьлезла, аблапiла верхнюю жардзiну рукамi, а нагамi асьцярона ступiла на нiжнюю. Жэрдка ўгнулася, але трымалася.

- Ня зломiцца? - гукнула Параска.

- Сьмела, ня бойся! - падбадзёрыў Шпунт.

На доўгую галiну зь цьвяком на канцы Павалiцкi Хвёдар падчапiў партрэт i падаў яго Макатунiшцы. Цяпер усе на спраўнасьць ейных рук чакалi. Для раўнавагi Мякатунiшка шырака расставiла ногi i ўзялася прывязваць партрэт. Занятая працай, яна не спасьцерагла прыглушанага хiхiканьня дзяцюкоў, што зьнiзу пiльна ня толькi за ейнымi рукамi сачылi.

- А што-ж ты думаў, - штурхнуў локцем Косьцiка Лявон, - што бiз штаноў яна?

- Каму-ж знаць, калi нi табе? Цi раз ты туды злазiў? - адсек Косьцiк. Як на загад тройка голасна зарагатала.

- Ах вы, нягоднiкi! - злосна крыкнула зьверху Параска. - А-цьфу на вас!

Дзяцюкi борзда адскочылi й спорны плявок сьлiны шлёпнуў у жвiр.

- Рабi, рабi ўжо! - гаркнуў Косьцiк. - Даёш скарэй!

Мiнула хвiлiн зь пятнаццаць. Рознагалосьсем птушыных песьняў усхадзiлася Гаравацкая пушча, перагаўквалiся па навакольлi сабакi, нейдзе ў Лiпавiцкiм двары рыкалi каровы. Пунсовым пажарам зацьвiла за гарбом Гараваткi неба. Спачатку ледзь чутна, а пасьля гулка загрукаталi ў лесе калёсы. Дзяцюкi трывожна пераглянулiся.

Параска канчала прывязваць палотнiшча, як раптам воддаль зь лесу выкацiлася на самакатах група жаўнераў у круглых шапках. Ззаду борзда гнала запрэжаная парай коней каляска. Першая ўгледзiла iх зьверху Макатунiшка.

- Гляньце, глянь! - выставiла дзяўчына ўказальны палец i анямеў ад страху ейны голас.

Здарылася гэта так раптоўна, што дзяцюкi, забыўшыся пра ўсё, кiнулiся ў панiку. Не ў галаве мусiць быў Косьцiку ягоны верны абрэз, калi ўсе тры, як раптам спалоханыя курапаткi, нырцом iрванулi ў прыдарожны зарасьнiк. Калi й чуў каторы, дык нiводзiн не адклiкнуўся на ўтрапёны лямант Мактунiшкi, што бездапаможна ўверсе на браме калацiлася.

Яшчэ на хаду пасаскаквалi жаўнеры з самакатаў i колькi раптоўных стрэлаў сьцебанула па прыдарожных кустох i дрэвах.