Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

К Акула

Тымчасам сяляне лiтоўскiя пра моладзь сваю ў вагнi вайны турбавалiся, зь нядобрымi прадчуваньнямi пры працы корпалiся, запаволенае жыцьцёвае тэмпа трымалi. Зямля скупыя плёны працы гаспадаром аддавала, заманлiвым асеньнiм супакоем дурманiла. Як наўмысна, добра пагода ўладзiлася, каб дзе на небе хмарынка, каб якi буйны вецер узьняўся. Цi ня быў гэта той прыказачны, надзiва залаты супакой перад бурай гвалтоўнай, каторая не за гарамi ўжо вунь усхадзiлася...

2

Даўно адгарлапанiлi ў вёсцы пеўнi й паволi разганяў начную цемру зябкi золак. Ля хлявоў голасна сакаталi куры, пад стрэхамi пераклiкалiся галубы, хмарамi наляталi на гумнiшчы й накiдвалiся на парассыпанае зерне сьвежай збажыны шпакi. Рэдка дзе скрыпнуў асьвер. Адно самым руплiвым няўлежна ў цёплых пасьцелях было. Надта-ж марудна раскатурхвала вясковы народ са сну сьвятая нядзеля.

На гасьцiнцы непадалёк Гаравацкай пушчы канчалася ўсяночная праца. Учора верх партыйнага падпольля загад прыслаў. Выканаць яго трэба было, хоць на галаве стань. Ад поўначы дзесь працавалi. Цяпер-жа Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт скруцiлi пiпкi, прыкурылi, папярхiкалi едкiм дымком ды адыйшлiся колькi крокаў, каб дзяцiшчам сваiм, новазмайстраванай брамай прывiтальнай палюбавацца. Павалiцкi Хвёдар i Параска Макатунiшка раскручвалi доўгае белае палотнiшча з напiсам, матузы да яго прывязалi. "Да Здравствует Доблестная Освободительная Красная Армия!" - крычэлi паўмэтровыя, прыгожыя чырвоныя лiтары. У канаве цярплiва чакаў свайго пачэснага месца на браме вялiкi партрэт.

Ад тэлефоннага слупа з аднаго боку гасьцiнцу да вялiкай бярозы з другога, мэтраў на восем уверх, упоперак дарогi праляглi чатыры здаравенныя бярозавыя жардзiны, зьбiтыя шматлiкiмi папярэчнiцамi. Мясцамi аздобiлi iх верасам, або чырвоным матар'ялам агарнулi. Цяпер адно павесiць гэны вялiкi партрэт, удаўжкi прымацаваць да жардзiны клiч прывiтальны й справе канец, могуць вызваляць.

Косьцiк Сабакевiч, Лявон Шпунт, Параска Макатунiшка й Павалiцкi Хвёдар, - чатыры перадавыя падпольнiкi з ваколiцы - сустрэнуць дарагiх братоў з Усходу з хлебам i сольлю як гаспадары й гэроi падпольля, заўтрашнiя правадыры працоўнага народу. Якая-ж салодкая надыходзiць радасьць! Зноў згадаў Косьцiк тыя бясконцыя цяжкiя днi й ночы, панскiя вязьнiцы, жыцьцё ў холадзе й голадзе, калi чалавек ценю свайго баяўся, роднаму не давяраў. Навет учора, калi загад канчаткова з нары вылазiць прыйшоў, браму прывiтальную для "доблiснай" майстраваць, дык i то асьмелiцца паказацца на сьвет божы боязна было. Дзiва што! Гэтак сполаху нагналi - па начох адно з нары вылазiў - што за вуглом кажнага будынку, здавалася, тайны шпiгун на яго цiкаваў.