Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

К Акула

Сказалi, што "доблiсная" заўтра перад абедам вызвалiць манiцца, дык браму назарэз да ранiцы трэба было скончыць. Рук не пакладаючы, ад поўначы працавалi. Добра пры тых жардзiнах, пакуль зрэзалi й папрыбiвалi, папанатужылiся. Дый без асьцярожнасьцi нельга было. Ня дай Божа, наляцi палiцыя. Косьцiк свой абрэз захапiў, каб чорту якому непаклiканаму ў выпадку чаго адбой даць.

Што й гаварыць, здорава папацелi. Ноч бяз прыгодаў прайшла. На досьвiтку такавалi дзесь заўзята ў лясной глушы цецярукi, пераклiкалiся на хутарох пеўнi, а пасьля маланкай прагрукаталi па чыгунцы з Загацьця тры паравозы й колькi вагонаў. Нячуванае-нябачанае: ажно тры паравозы на такi эшалён кароткi. Цi не пранюхаў панок якi, што "нашы" з Усходу сяньня "братом сваiм" руку падаваць маюць. Спасьцярогшы, як рука гэна перазь мяжу выцягвацца манiлася, каб ямчэй пяткi падмазаць, аж тры паравозы падпрог. Калi-ж яны ў Гацi прыджгалi, адразу пажвавеў на чыгунцы рух. Заварушылiся ў трывозе паны. Куды ўцякаць? На Захадзе Сосаў хаўрусьнiк Адольф, каторага маскалi нарабаваным ад народу дабром падкармiлi, ужо бальшыню "моцарствовай" праглынуў, страўнiк задаволена гладзiў, са смакам над Бугам аблiзваўся, на прынадны кавалак Беларусi пазiраў.

Канчаўся нарэшце кашмарны час Косьцiкаў, калi быў самым апошнiм "нiчэм", ды нараджаўся дзянёчак сьветлы, калi тым доўгачаканым "всем" расьцьвiце й ўзбуйнее. Выкачвалася з-за Гараваткi сонейка яснае.

Думка пра вялiкую перамену да шалу няпрытомнасьцi лашчыла-казытала сэрца. Скакаць i галёкаць з радасьцi напiрала. Няхай-бы гулкае рэха ад Косьцiкавага гарластага ўра па цэлай неабсяжнай Гаравацкай пушчы, па нiвах i далiнах пералiвалася!

Яшчэ гадзiна, мо дзьве...

Дзесь там на мяжы заводзяць маторы, а мо й рушылi ўжо. Пад крокамi дзсяткаў тысячаў ног, пад калёсамi й гусянiцамi магутных машынаў дрыжаць прымежныя беларускiя гасьцiнцы. Хваля прыблiжаецца, магутнее, напiрае.

Сабакевiч зiрнуў на няскончаную браму. Саладжавай усьмешкай распрамянiўся шырокi твар. Брама-ж ня толькi "доблiсную" вiтаць будзе, але й яму, гаротнаму й нястомнаму змагару за народнае шчасьце, шлях у сьветлае заўтра адчынiць.

- Ну й нарабiлiся, бля..ха! Алi за тое, - задаволена цмокнуў вуснамi, зацягнуўшыся горадзенскiм тытунем Косьцiк, - нiхай здраствуiць! Такая хлёсткая й крэпкая, як сама ўласьць савецкая. Цаца, нi брама! Нiхай знаюць, што нi пэцкалi строiлi.

- Нас пiражывець! - руплiва пераборшчыў Лявон. - Ну толька-ж канчаць трэба, саўсiм разьвiднелася ўжо...

- Дык даеш! - схамянуўся Косьцiк. - Хто-ж палезiць?

- Нiхай Макатунiшка. Яна найлягчэйшая.

Борздым крокам рушыi да брамы. На жвiры й глiне гасьцiнца валялiся аполкi дрэва й трэскi, а ў канаве - сталярскiя прылады. З кужэльнае абгорткi злавесна пазiрала руля Косьцiкавага абрэзу. Лявон узяў скрутак тонкай вяроўкi й парэзаў яго на кароткiя кавалкi ды падаў Парасцы.