Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 187

К Акула

Паралюш сялянскага жыцьця йшоў побач зусiм няпрыхаванай трывогi. Чакалi нечага новага, быццам яшчэ горшага й нiхто ня мог вызначыць у якой хворме гэнае нешта мае выявiцца. Навет дзед Якуб зрабiўся бурклiвым, радзеў на сваей прызьбе, грэўся. Мо спанатрыў, што перапалоханыя людзi на давер скупiлiся. Зiма даўным-даўно адыйшла на поўнач, але загнязьдзiлася ў сэрцах сялян лiтоўскiх зiма яшчэ жахлiвейшая, - тая, што запаволiла й часткова спаралiжавала самае звычайнае жыцьцёвае тэмпа.

Дзесь за межамi й далей той калiшняй "моцарствовай" многа глуму нарабiў "немiц". Пасьля маланкавых паходаў на тры бакi сьвету, прытаiўся дзесь i цiкаваў новую здабычу бэрлiнскi абжора-груган. Цi ягоны страўнiк не палягчэў яшчэ перад новым нападам, цi ня вымяркаваў зь якога боку насесьцi на новую ахвяру...

Панавала немач i роспач. Сьцiскалiся злосна зубы, бездапаможна ў малiтвах да Бога складалiся далонi. Блудзiў сялянскi зрок па пагвалчаных нiвах i млелi ногi ў чэргах перад дзяржаўнымi крамамi. Чужнiк-гвалтаўнiк рукамi "ваiнствуюшчых бязбожнiкаў" зачыняў сьвятынi, ськiдаў зь вежаў крыжы. Разбуралiся адвечныя асновы. Што прыйдзе заўтра? - Нiхай хоць чорт прыдзiць, абы пiрамена, абы лепi было жыць, - гаварылi ў роспачы людзi.

Тымчасам чужнiкi новым "налогам" запрэглi сялянскiх коней. У Гацях ля чыгункi зладоўвалi й насыпалi вялiкiя й даўгiя валы каменьня зь лiку "па трыццаць кубаметраў на лошадзь". Каменьне ладавалi на цягнiкi, адвозiлi некуды на будову лётнiшчаў. Iншыя-ж звозiлi каменьне аж у Слабаду. На роўным узвышшы за вёскай масьцiлi шляхi для самалётаў зьняможаныя, галодныя, абдзёртыя нявольнiкi, прыгнаныя сюды Бог ведае зь якiх глыбiняў "нiаб'ятнай".

Янук адпрасiўся з працы на пошце, каб памагчы бацьку вывезьцi "па трыццаць кубаметраў ма лошадзь". Вялiкае каменьне, што мог падняць цi ўскацiць па дошцы на каляску, браў з адхонаў чыгункi, з Гараваткi й калiшняга панскага поля. Цяжкага возу не накладаў, каб кабыле пасобiць. Цяпер Янук ехаў паволi дамоў i мяркаваў, цi ўсьпее яшчэ адзiн воз да захаду сонца наладаваць i ў Гацi завезьцi. Заробленыя грошы па аднаму чырвонцу на кубамэтар, прыабяцаў яму бацька на касьцюм.