Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 185

К Акула

- Чуеш? Курыцу нехта сагнаў.

Марылiн голас, праз фортачку. У голасе - заклапочанасьць. Сявенькава кроў малаткамi бiла ў скронi. Здавалася, што тыя ў спальнi празь сьцяну пачуюць.

- Сабака, можа, - адказаў абыякавы Косьцiкаў голас.

- Ты, Косьцiк, любiш мяне?

Ласкавы Марылiн галасок, той самы, што яму некалi розныя салодкiя пяшчоты абяцаў.

- Нiхай сабе, люблю, - адказаў абыякавы бас.

- Косьцiк!

У голасе трывога.

- Га?

- Думаеш, што раскулачаць i вывязуць нас?

Трывога ў голасе расла.

- Так.

- Дык як будзiць? I старога, i малога й мяне?

- Усiх, - адказаў цьвёрды й аўтарытэтны бас.

- Ай-яй-яй!

Здалося Сявеньку, што заенчыла сучка. Ён рукавом абцёр пот з твару. Нос цягнуў рэзкi пах мяты.

- Я-ж табе сказаў, што рабiць. Стары ёлуп многа золата маiць. Вымантажыш, дасi мне, дык астанешся.

Млоснасьць корчыла Сявенькавы каленi, слабiла ўсё цела.

- Ты гэта сур'ёзна, цi што?

- Раз кажу, дык сур'ёзна, - цьвёрда адказаў Косьцiк.

Хвiлiна маўчаньня.

- Каб гэта магла... Чорт ведаiць дзе ён яго хаваiць.

- Як захочаш то сумееш. Ты-ж ягоную слабiну знаеш.

Жончын галасок паволi й мэтадычна рэзаў Сявеньку на балючыя кавалкi. Здавалася, што няма для дыханьня паветра. Нехта завалодаў мазгамi, гнаў думкi на нячыстае й кружылася галава. Сьцiснулiся зубы. За фортачкай скрыпнуў ложак.

- Ты, што гэта сягоньнiка ўсхадзiўся? Мала табе яшчо?

У голасе - пажаданасьць.

- А табе шкада? Змылiцца яна, цi што? - зарагатаў Сабакевiч. - Цi можа старому астаўляiш?

- Сьлiнька той! Каб ён мог! Насапецца, запыхцiць, як кавальскi мех. Абрыдзеў ужо.

Пагардлiвы, зьмяiны, з тоненькiм, ядавiтым джалам, голас. Джала пеканула Сявеньку пад самае рабро. Перад вачмi замаячылiся чырвоныя, зялёныя й сiнiя кругi. Дрыжэлi рукi. Але ўжо Сявенькавы ногi борзда нясьлi яго навокал хаты. У сянёх ля дзьвярэй, са сталярскага стала рукi схапiлi тапор.

Таго самага дня, калi сонца садзiлася за Гаравацкую пушчу, Бурачыха вярталася з Гацяў. Ад гасьцiнцу пайшла чыгункай, пералезла праз плот на Сявенькаў хутар. Бурачысе нiкуды не сьпяшылася i яна разглядалася навокал, паўз Сявенькаву пуню кiравалася на бальшак, за якiм чакаў дом. Ля пунi спынiлася, прыслухалася. Навокал нiкога ня вiдаць было, адно з хаты далятаў зьняможаны плач дзяцiны, а ў дварэ скавытаў сабака. Бурачыху ня зьдзiвi-бы звычайны дзiцячы плач. Цi мала дзе й калi дзецi плачуць. Але плач Марылiнага Валодзькi насычаны быў зьняможаным хрыпам, такiм, якi чуеш у дзiця, што плача доўгiя гадзiны. Бурачыха стаяла й мяркавала. I сабака скавытаў дзiка, зусiм неяк непасабачаму.