Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 188

К Акула

Янук спынiўся на абочыне гасьцiнцу, зьлез з каляскi, разглянуўся па бакох i з прыдарожнага, сьвежа скошанага, ужо падсохлага сена ўськiнуў вялiкi ахапак у каляску. Далей ехаў паволi. прыжмурыў вочы, думаў пра розныя апошнiя падзеi й бачыў перад сабой адно руды кабылiн зад, што раўнамерна гойдаўся на бакi, хвост, што часта па бакох сьцёбаў ды адвiслую на правы бок грыву.

- Янучок! Ты што, заснуў гэта?

Дзявочы сьмяхотлiвы галасок празьвiнеў над левым Януковым вухам i аж спалохаў яго. Побач, на самакаце зьявiлася Дуня. Пышнай усьмешкай зьзяў яе загарэла-асмужаны, радасны тварык. Даўгiя, мяккiя валосы перавязала блакiтнай касынкай, а паркалёвая, жоўтая сукенка зьвiла дробнымi ружовымi краскамi. Зь пяшчотна адчыненых поўных ружовых вусенак вызiралi роўныя, белыя зубкi. Зухавата-прынадныя вочы зь хiтрынкай-праменьчыкам пазiралi на хлапца.

- А ты адкуль узялася?

- Зь неба звалiлася. Ха-ха-ха!

- Гэта табе на небе самакат далi?

- О так! Сьвяты Мiкола даў! Ха-ха-ха!

Янук зручна перахiнуўся праз бок каляскi i ўшчыпнуў Дуню за бок.

- Ах ты, нягоднiк! Няможна так! Скажу маме, дык яна цябе вылупцуiць, сьмяялася дзяўчына.

Дуня абаперлася правай рукой аб борт каляскi й так хвiлiну ехалi моўчкi. Янук пазiраў на поўныя дзяўчынiны грудзi, гладзенькi падбародак, круглую, як адточаную добрым майстрам, шыю i далей унiз, дзе рама мужчынскага самакату зусiм загалiла Дунiны ногi.

- Адкуль-жа ты самакат узяла?

- Казала табе, што сьвяты Мiкола даў, ха-ха-ха, - рагатала дзяўчына.

- Гэта, мусiць, сьвяты Мiкола некага раскулачваць памагаў... Га-га-га! - зарагатаў Янук.

Макатунiшка нiчога не адказала, адно зiрнула на яго скоса.

- Ты з Гацяў едзеш? - спытаў Янук.

- Ага.

- Школу скончыла?

- На днях ужо.

Зноў хвiлiна маўчаньня. Мiнулi чугуначны пераезд.

- Ты знаеш што, Янучок?

- Ну?

- Даўно з табой пагаварыць хацела.

- Гавары.

Бурклiвы Янук прыгадаў цi адну жаўнерскую руку, што гарнула-тулiла гэту дзяўчыну на вечарынах, яшчэ цяпер зьвiнела ейнае хiхiканьне ў цемры. Кальнула ў сэрца. I стаяла яна побач, як цудоўная, пышна расьцьвiўшая зьява, зь беленькiмi зубкамi, мяккiмi вусенкамi й выклiкаючымi на паядынак вачмi-васiлькамi. Стаяла ўдзень i ўночы. I нараджалiся думкi. Часам, у юнацкiх снох, сядала яму на каленi, моцна-моцна гарнулася-тулiлася, горача, да страты прытомнасьцi цалавала. Зьява вялiкая, як цьвiтучае жыцьцё, як цудоўная вясна, як сьветлая крынiца.

Але вось зьявiлася яна побач, тымi васiлькамi скрабла-вярэдзiла кволыя струны. I ня мог Янук проста ў вочы ёй зiрнуць. А дзяўчына, нахабнiца, зводзiла, быццам у самае нутро ягонай душы зазiрнуць намагалася.

- Як тут во так пагаворыш...

- А чаму не?

- Давай паглядзiм, што ў лесе робiцца.

- А кабылу дзе дзець?

- Прывяжы, нi ўцячэць.

Янук падумаў.

- Трэба было-б яшчэ воз каменьня на станцыю завезьцi.

- Нiкуды яно нi ўцячэць, каменьне тваё. Здаганяй мяне!

Дзяўчына раптоўна нацiснула на самакат i гонка пусьцiлася гасьцiнцам, аж хвост касынкi з пушыстымi валосамi забаўляўся. Янук пугай сьвiснуў над кабылай i сьцебнуў па бакох лейцамi. Кабыла трушком пабегла за дзяўчынай. Дуня азiралася, махала рукой, падганяла.. Уехаўшы ў Гаравацкую пушчу, яна павярнула направа ў бочную дарогу. Гэтта лес быў густы, колы стукалi па карэньнi. Дуня пад'ехала яшчэ добры кавалак, павярнула налева й на малой паляне зьлезла з самакату. Янук прывязаў кабылу да камля бярозы, адпусьцiў падпругу, узяў з возу й падкiнуў ей сена. Азiрнуўся. Самакат ляжаў пад хвояй, а дзяўчыны нiдзе ня было вiдаць.