Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 184

К Акула

Нарэшце вырас, пераплюнуў усiх у вёсцы Амэрыканец Сявенька. Вялiзны кавалак зямлi купiў. Стары кавалер зь зямлёй i капiталам. Найпрыгажэйшыя дзеўкi налётам замуж пруць. Як смала, Марылiны бацькi прылiплi. Грашыць няма чаго: дзяўчына першай красы й маладосьцi была. Бяры кахай, сямейку разводзь, жывi ды пасьвiстывай, бо наймiтаў хапае. Ад гару й сьпякоты пiтсбургскай доменнай печы ўзьлез Сявенька на багаслаўленае сёмае неба.

Адылi ня ўсьпеў як мага разгарнуцца, пачало крышыцца-валiцца старое, наплыло й насела новае. Басота, каторай не дазволiў-бы пераз парог свае хаты пераступiць, дзякуючы нейкай нечысьцi, што ў Расеi верх узяла, цяпер сумленным i працавiтым людзям загадвала. I ня вiдаць было нiякае палёгкi, нiякага зьнiча ў цемры.

Сявенька зiрнуў на вупраж. Новы падсядзёлак трэба было-б справiць, падпруга й хамут ужо таксама працёрлiся. "Нiхай яно пропадам прападаiць, жыцьцё гэткае", - думаў. Як нi старайся, рукi да працы не гарнуцца. На каго-ж працаваць? Леташнiх падаткаў ня выплацiў, а дзе там ужо сёлетнiм раду дасi. I яшчэ, як на сьмех усiм, панадзiў да жонкi брыда гэты, каб яго зямля не насiла. Ён-жа - начальнiк цяпер. Баба апраўваецца, што, маўляў, у выпадку чаго дык ня вывезуць, можа, Косьцiк заступiцца. Чорт яго, лiха такое, разьбярэ. I марыўся бяссоньнiцай Сявенька, гаротнiк ззамоладу, гаротнiк у Амэрыцы й гаротнiк цяпер, калi гады с паўдня спаўзаць пачалi.

Iдучы пад хату, зiрнуў Сявенька на нiвы свае. Ды яны ўжо й не ягоныя, бо цяпер "народная ўлада" лапу налажыла. Зямля-матка, зямля-кармiцеклька, яна, як часьць цела твайго, прадаўжэньне жыцьця жывога, цяпер сiратой бяз догледу пакiнутая, на глум чужнiкамi ўзятая, ужо пустазельлем, сьвiрэпкай, лебядой i асотам зарастала. Адмiрала, пусьцела нiва й паволi расла пякучая, вялiкая пустка ў грудзёх гаспадара руплiвага. Цудоўна зелянiлася за бальшаком прасторная сенажаць. Ледзь стрымлiваў Сявенька сьлёзы. Адвярнуўся ў iншы бокi спасьцярог як воддаль зелянеў на гарбе Гараваткi маестатычны Архiп. Колькi пакаленьняў продкаў пазiрала на яго? Па iм варажылi людзi пагоду, ён быў сымбалем устойлiвасьцi процi навалаў i лiхалецьцяў. Масу асколкаў ад розных войнаў у драўнiне сваёй трымаў. Што яшчэ чакае гэтага гiганта?

Сявенька падыйшоў да плоту, асьцярожна адчынiў i зачынiў весьнiчкi й адно тады спасьцярог ля падстрэшша хаты самакат. Ледзь ня выпусьцiў з рук дзьве цэнныя лiтроўкi нафты. Цень ад клецi падаўжэў на чатыры росты чалавека. Дзьверы ў сянёх былi прычыненыя й ня вiдаць было нiдзе анi малога Валодзькi, анi Марылi. Хлопчык, пэўне-ж, сьпiць у гэтым часе. Падбег да Сявенькi й пачаў лiзаць, цiха скуголячы, руку сабака.

- Пашоў вон! - сыкнуў гаспадар.

Сабака пранюхаў нядобры гаспадароў настрой. Ён прылёг на пярэднiя лапы, вiнаватымi вачмi пазiраў на чалавека, быццам прабачэньня просячы.

- Iдзi ў будку, кажу! - гукнуў Сявенька.

Азiраючыся, сабака адыйшоў.

Сявенька затрымаўся перад самакатам ля парогу. Дрыжэлi рукi й бязьмежная злосьць абцугамi цiснула сэрца, скорыла дыханьне. Рука выцягнулася да дзьвярэй, павiсла й апусьцiлася. На зьняможаным твары мiльганула ледзь заўважная ўсьмешка. Азiраючыся на бакi, прыгнуўшыся, Сявенька накiраваўся за вугал хаты. Iшоў паволi, асьцярожна, прыблiжаўся да вакна са спальнi. Зiрнуў уверх i спасьцярог адчыненую фортачку. Здалося, што да вушэй даляцеў басавiты мужчынскi голас. З гэтага боку хаты, ля сьцяны, рос малiньнiк у перамешку з крапiвой. Перад самым тварам, нешта моцна лопнула паветрам, выскачыла з малiньнiку. Перапалоханы гаспадар аж прысеў. З гнязда нясушку сагнаў. Курыца закудахтала на ўсю шырыню свае глоткi й шмыгнула за вугал хаты. Забыўшыся, ледзь ня вылаяўся Сявенька ўголас, але ў час стрымаўся. Тады спасьцярог, што левай нагой у яйкi ўквэкаўся. I мiльганула злосная думка, што Марыля, - нашто ўжо калi працавiтай была, цяпер навет за нясушкамi не глядзiць.