Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 181

К Акула

- А Божа-ж ты мой, - шаптаў Пракоп.

- От табе й Божа, - прадаўжаў добра ўжо паднечаны Хвёдар. - Нi памог нi Бог, нi памог нiхто. Мiлiёны людзей, мусiць, ёлуп зьнiшчыў. Пацягалi й Марыю Iванаўну, пацягалi й мяне. Спрабаваў я ў партыю, але ня прынялi. Думаю, ня хочаце, дык i ня трэба. А ўсёроўна пацягалi. Разоў дваццаць, мусiць, бiяграфiю выпытвалi: адкуль, хто дзед i прадзед, хто такiя бацькi? Сацыяльнае паходжаньне iм давай. У дабавак i сам той факт, што мейсца майго нараджэньня апынулася пад белапольскай акупацыяй, зусiм ня спрыяў мне. Наадварот: глядзi каб шпiёнства табе ня прышылi. Вось як, Марыi Iванаўны бацька афiцэрам царскае армii быў. Разумееш? Прапаў чалавек няведама дзе. Дык, разумееш, падазрэньне. Цi нi змагаўся з чырвонымi, цi нi быў у Калчака, цi Дзянiкiна? Значыцца, калi-б i змагаўся з бальшавiкамi на баку белых, дык цi-ж дачка мусiць за гэта адказваць? Цi-ж яна яму загадвала? Так цягалi днямi й начамi. I вось, разумееш, браток, навет i сяньня чалавек з чалавекам сябраваць баiцца, адзiн на другога даносы робiць...

Маўчаньне трывала доўга.

- Гэта страшна, - уздыхнуў Пракоп. - Тутака ўсяк гавораць, алi ад савецкiх нiчога нi даведаешся.

- Яны гавораць, што iм палiтрукi загадаюць. Зрэшты, нiхто з савецкiх табе праўды нi скажа. Народ пазнае тады, калi чыстка й вывазы пачнуцца, калi Бог пра ўсiх забудзецца, а Сталiн будзе рабiць што хоча...

- Ты думаеш, што й тут будзiць тое, што ў вас было?

- Дарагi мой, - адказаў Хвёдар, налiўшы сабе чарку, - дык цi-ж што-небудзь зьмянiлася? Сталiн жыве, НКВД i калгасы iснуюць, нiчога не зьмянiлася. Пацягнулi спачатку на Сiбiр паноў вашых, а пасьля й на iншых чарга прыйдзе. Помнi мае словы, дарагi мой.

- Гэта-ж чорт ведаiць што, - сказаў заклапочаны Пракоп, - мусiць горш чым за Польшчай будзiць.

- Напэўна горш будзе. Я тут усяго дзьве нядзелi, ды ўжо прыглядаўся як народ жыве, цi жыў. Вядома, многа ў вас бяды было, сам ведаеш. Але калi параўновываць з нашым, дык ваш селянiн, каторы працаваў, меў i сала, i масла, i малако, i, вiдаць, апрануцца меў за што й наагул, калi ня гультай, дык жыў нядрэнна. Так, цi не? Гэткага жыцьця нельга нiяк зраўняць з калгасным.

- Гэтыя калгасы, - сказаў Пракоп, - як у iх жывецца?

- Горш як у прыгоне. Чуў пра прыгон?

- Чаму-ж не...

- Розьнiца, мусiць, тая, што прыгоньнiкамi валодалi буйныя цi меншыя землеўладары, а калгасьнiкамi, - i гэта лiтаральна, - валодае дзяржава. Калгасьнiк, напрыклад, за год заробiць нейкую колькасьць працадзён. У калгасе ёсьць ураджай добры, або й няма. Зьбяруць плёны, змалоцяць i хто, ты думаеш, першы з лыжкай i мiскай? Дзяржава йдзе першая. Яна забiрае ўсе налогi, пасьля семенны фонд забярэ сваё. Разумееш? Рэшта, колькi там астанецца, дзеляць на працаднi. I вось, калгасьнiк атрымае паўкiляграма зярна, столькi то бульбы й iншага, - колькi там на працадзень выпадзе, вось жывi ды пажывай, братка. А нормы-ж на працадзень такiя даюць, што як дурны наробiшся. Ясна, што нiхто не хацеў i ня хоча ў калгасе быць. Але-ж у горад не ўцячэш, бо там ня прыпiшуць цябе. Дазвол ад уладаў трэба, а яны-ж спытаюць адкуль ты, дый не пагладзяць па галоўцы.