Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 179

К Акула

- I дома, i за шаўца вучуся, усяк бываiць, - адказаў Мiкола.

- Гэта за каго вучышся? - не зразумеў дзядзька.

- За сапожнiка, - ператлумачыў хлапец.

- Ага, так, шавец - гэта сапожнiк, - сказаў Хвёдар i спытаўся Пракопа: - Нi расказваў ты мне пра жонку. Калi памерла?

Пракоп уважна паглядзеў на гасьця, памяркаваў.

- Пачакай, братка, пасьля раскажу. Давай перш перакусiм.

Селi госьцi за стол бяз прынукi, Пракоп - на табурэце напрыканцы стала, Хвёдар i Марыя - на лаве ля сьцяны, а хлопцы - насупраць iх.

- Перш памолiмся, - сказаў цiха Пракоп. - У iмя Айца й Сына й Сьвятога Духа, амiнь. Госпадзi, Божа наш, багаславi гэту яду i ўсiх за сталом. Дай нам усiм здароўя й даруй нам грахi нашы. Дзякую Табе, Госпадзi, за тое, што вярнуў брата майго й сям'ю ягоную. Дзякуй Табе, Госпадзi, за ласкi Твае вялiкiя для нас. Нiхай iмя Тваё вялiкае славiцца сягоньня, заўтра й на вякi вякоў. У iмя Айца й Сына й Сьвятога Духа, амiнь.

Перахрысьцiлiся ўсе тры лiтоўскiя Бахмачы, а госьцi сядзелi й няўцямна пазiралi адзiн на аднаго. Сам Пракоп, звычайна сядаючы за стол перад спажывай, адно хрысьцiўся, але сяньня, паднечаны нязвычайным здарэньнем, наважыў падзякаваць Богу за вялiкую ласку Ягоную. Пасьля малiтвы спасьцярог, што недаверкаў, мусiць, за сталом госьцiць.

- Дык, калi пазволiце, па чарачцы, - запрапанаваў Хвёдар i ўзяўся за пляшку.

- Будзь добры, - сказаў Пракоп, - налiвай. Ну толька адну кроплю для мяне.

Брат набухтырыў Пракопу поўную чарку.

- Ну а вам? - спытаў Хвёдар хлопцаў, налiўшы жонцы й сабе. - Будзеце пiць?

- Я вып'ю, - адказаў Мiкола.

- Я нiколi ня пiў, - прызнаўся Янук.

Хвёдар налiў Мiколу поўную, Януку - трэцюю часьць, а сыну - палову чаркi.

- Усе будзем сьвяткаваць гэты дзень, калi мы, пасьля так доўгай разлукi нарэшце спаткалiся. Таму прапаную ўсiм выпiць! - тлумачыў госьць, устаючы.

- Дай, Божа, здароўя вам i нам, - падтрымаў Пракоп.

- Дык за здароўе!

Пракоп ледзь вусны памачыў. Марыя Iванаўна й Хвёдар выпiлi да дна, хлопцы таксама. Адно Янук закашляўся й зморшчыўся, калi водка забрала яму дыханьне.

- Алi-ж моцная, каб яе чорт! - сказаў, зiрнуўшы на Ўладзiмера.

Узялiся закусваць. Госьцi, вiдаць, спадабалi, самаробную каўбасу, бо елi са смакам.

- Добрая каўбаса, - сказала Марыя. - Самi рабiлi?

- Ну а хто-ж, - адкзаў Пракоп. - Як там у Расеi, самi ня робяць?

Жанчына зiрнула на мужа й сына.

- Ды не, у нас усё з крамаў. Алi знаеце якое харчаваньне з крамаў... От ваша нешта новае, iншы смак...

Неўзабаве Хвёдар налiваў па другой чарцы, але гэтым разам абмiнуў юнакоў. Мiкола зiрнуў спадылба, хацеў, мусiць, яшчэ выпiць, але ў такiм таварыстве не асьмелiўся нiчога сказаць. Пракоп другiм разам дапiў сваю чарку да паловы. Пазiраў на гасьцей i ня ведаў як прадаўжаць гутарку, а лiчыў гэта сваiм абавязкам.

- Сам будзеш у Гацях працаваць, цi што? - спытаўся брата.

- Так, камандзiроўка. Вядома сам начальству запрапанаваў. Паеду, думаю, пад дом, пагляджу хто з вас жывы й здаровы й як усё наагул.

- От добра зрабiў, - пахбвалiў яго Пракоп. - Працуеш на чыгунцы?

- Так, на чыгунцы, - адказаў брат. - Цэлы час працаваў на чыгунцы.