Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 178

К Акула

- Гэта што? - зьдзiвiўся Хвёдар. - Хто пабiў i навошта?

- Доўга, браток, расказваць... Наш мясцовы камунiст гэта. Хацеў мне сiлай гарэлкi ў рот налiць i крычаў, каб за таварыша Сталiна й за савецкую ўласьць пiў. А я-ж хваравiты, вунь пры Паляках палiцыя пячонкi адбiла, дык i баранiўся, як мог... Тады гэты басяк поўнай налiтай чаркай ды як чарахнiць па iконе, так i пасыпалася шкло...

- Ды гэта ён цябе насiлаваў? - сур'ёзна спытаў Хвёдар.

- А як-жа.

- А хто ён такi, гэты чалавек?

- Буракоў сын. Помнiш Паўлюка Бурака?

Хвёдар зморшчыў лоб.

Помню, ну так, помню. Дык гэта яго сын? Я, пэўна, нi знаю яго?

- Малы шчанюк быў... Ня будзеш знаць.

- Дык гэта ён за Сталiна й за савецкую ўладу?

- Ну так.

- Маладзец, дзяцюк, ведае што рабiць, - сказаў Хвёдар i зiрнуў на жонку й сына.

- Я нi знаю, - адказаў зьбянтэжаны Пракоп. - Нi знаю цi маладзец, паўтарыў, скоса зiрнуўшы на брата.

- Ды не, Пракоп, - сказаў той, не за тое маладзец, што хулiганiць, а таму што Сталiна вялiчае. Разумееш?

Хведар доўга глядзеў на Пракопа, як-бы зрокам хацеў нешта недаказанае языком вытлумачыць.

- Ты лепi знаеш. Я нiнадта разьбiраюся, - сказаў Пракоп. - Алi чаго-ж я сяджу, нешта на стол трэба, - устаў гаспадар. Ён загадаў Януку прынесьцi хворасту, распалiць плiту. Неўзабаве на скварадзя засквiрчэласала й смажылася каўбаса з тых сьцiплых запасаў, што ў клецi вiселi пад самай страхой (каб пацукi не дабралiся) на якую нечакана-пiльную патрэбу. Прыемны пах расплыўся па хаце. Хвёдар падыйшоў да печкi.

- Як гэта завецца? Хвораст, цi што?

- Так, хвораст, - адказаў Янук.

- Помню. Ведаеш, многа забыўся пра гаспадарскае з дому. Прыкладна, у нас на Ўрале, дзе я служыў, печкi палiлi вуглём. Але тут, вядома, вугля няма.

Ён прайшоўся ўдаўжкi i ўшыркi па пакоi, пазiраючы на Пракопа, што стаўляў пасуду на стол, спынiўся перад здымкамi на сьцяне, пачаў пра некаторыя распытвацца. Уладзiмер падыйшоў да Янука, стаяў i маўклiва пазiраў на полымя ў печцы. На стале зьявiўся разовы жытнi хлеб, гуркi, капуста шыткаваная,

- Вы госьцiкi, прабачце нам, што нiчога спiцыяльнага нiма, - гаварыў Пракоп. - Каб-жа гэта чалавек ведаў...

- Ну ды што ты, навошта гэта, Пракоп? - зьдзiвiўся Хвёдар. - Усё во, што маеш i ёсьць для нас спэцыяльнае.

- А калi Мiкола вернецца, Янук?

- Нi казаў.

- Заседзiцца можа.

- Гэта твой другi сым? - зацiкавiўся госьць.

- Так. На сяло недзе пашоў.

Як на добрую згадку, адчынiлiся дзьверы й на парозе стаяў Мiкола. У хату ўвайшоў нясьмела, спачатку зiрнуў на незнаёмых людзей, пасьля на патэльню на печцы, пацягнуў носам. Вочы яго павандравалi на стол, пры якiм завiхаўся бацька. Пабачыўшы пляшку водкi й каўбасу, дзяцюк мяркаваў, што гэтта адбываецц нешта надзвычайнае.

- Мiкола, от i ты на добры ўспамiн. Паглядзi, якая ў нас вялiкая радасьць у хаце: гэта во мой брат Хвёдар, яго жонка Марыя i сын Уладзiмер, адрэкамэндаваў бацька.

- Здрасьця, - прывiтаўся Мiкола.

Госьцi спасьцераглi, што хлапец кульгае, але нiхто пра прычыну не распытваўся.

- Дома, значыцца, бацьку памагаеш, цi ў школе? - спытаў Хвёдар.