Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 176

К Акула

Паднечаны й злосны, дзед Якуб азiрнуўся.

- Iдзем, Васiль, дамоў, нiма тут чаго слухаць, - сказаў сыну.

У залi падняўся гоман.

- Ты вiдзiш во яго! Зьдзiцянеў стары! - тросься Косьцiк, калi Васiль, падтрымлiваючы бацьку, кiраваўся да дзьвярэй.

- Я-ж цябе, такую тваю!

- Ты мне нi пагражай! - адвярнуўся дзед. - Пацалуй ты мне, старому калеку, знаеш у што... Я пражыў сваё, а ты яшчэ не. От пра сябе падумай, чалавекам будзь, калi можаш. Хадзi, Васiль!

39

Каля паўдня ў сыботу Янiк пачуў звон шорхавак з таго боку ад бальшака. Ля Кмiтавай хаты спынiлася санная брычка, людзi нешта распытвалi Аўдолю. Неўзабаве брычка рушыла й хутка зблiжалася. Добра дагледжаны буланы конь гуляючы ступаў па ўтоптанай дарозе. Дзяцюк, што сядзеў сьпераду на казьле, нацягнуў лейцы й голасна спынiў каня перад Бахмачовай хатай.

На сядзеньнi зь левага боку, апранутае ў чорнае сукно, развалiўся цёмны, даўганосы юнак гадоў пад сямнаццаць, побач яго - круглатварая сярэдняга веку жанчына ў падношаным пальце з футраным каўняром i вялiкай, белай, ваўнянай, махрысткай хусткай на галаве. З правага боку сядзеў мажны, у чорным чыгуначным адзеньнi, зь дзьвюмя чырвонаымi шпаламi на каўняры мужчына ў футранай шапцы. Калi-б навет i тых шпалаў ня было. Янук дадумаўся-б, што гэтыя людзi "адтуль". Штосьцi было ў iх выглядзе й вопратцы. Янук ня ўсьпеў iм добра прыглядзецца, як мужчына спытаў яго парасейску:

- Скажы, калi ласка, малады чалавек, цi тут Пракоп Бахмач жыве?

Янук рот разявiў. Адкуль гэты вялiкi ўраднiк, - абы хто-ж не насiў шпалаў чыгуначнiка на каўняры, - ведаў iмя й прозьвiшча бацькi?

- Так, тут, - адказаў Янук.

- А ты, малады чалавек, можа сын ягоны?

- Так, Пракоп Бахмач гэта мой тата. Зараз пазаву.

Янук шмыгнуў на ганак i ў хату. Посьпех быў лiшнi. Ледзь ня стукнуў бацьку ў лоб у цемнаватых сенцах.

- Стой, куды цябе гонiць?

- Тата, чалавек пра цябе распытваў... нейкi савецкi й цябе знаiць.

- Так? Вiдзiў iх праз вакно. Няўжо-ж гэта Хвёдар?

Шырака адчынiлiся пярэднiя дзьверы. Уважна прыглядаючыся, Пракоп паволi крочыў да брычкi. Чыгуначнiк вылез, затрымаўся, прыглядаўся Пракопу.

- Пракоп, няўжо-ж гэта ты?

- Хвёдар?

Доўга трымалiся ў вабдымках.

- Браток мой любы, якая радасьць, якое шчасьце, нiколi сьнiць ня сьнiў! - захапляўся Хвёдар сустрэчай, цалуючы брата.

- Хвёдар, ты як з таго сьвету. Бог нi бязь мiласьцi, мусiць.

- Ну як жывеш? - пытаўся госьць.

- Пагаворым. Алi-ж, браток даражэнькi, ну нi пазнаў-бы я цябе, каб дзе от так на дарозе спаткаў цi што. Так многа часу сплыло, Божа мой! - гаварыў паднечаны Пракоп i бязрадна стаяў перад братам. - Ну дык чаму нi знаёмiш? Ды прашу, заходзьце ў хату.

- Будзь ласкавы, гэта мая жонка Марыя Iванаўна, а гэта - сын Уладзiмер.