Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 141

К Акула

Цi ёсьць што больш велiчнае й захпляючае, чымся завiруха, калi магутная стыхiя iмкне насустрач ночы! Ля гумнаў скрыпяць азяроды, рыпiць у садзе надломаны камель цi галiна, жаляцца скуголяць голыя чубы клёнаў, ля вiльчыкаў засланкай грукоча тая дошка шчыта, каторую "во трэба прыбiць дабрацца". Хтось упоцемку вобмацакам лазiць па гарышчы, поўзае па склепе, кешкаецца пад страхой. Асьцярожна прачынi знадворныя дзьверы зь сяней i прыслухайся: гэта вунь магутны тытан схапiў чуб той лiпы, што ў садзе. Ды не, пiльней трымай вуха: гэта ня лiпа ў садзе, Няйнакш так грымiць сам волат Архiп. А мо й не адзiн ён. Мо ў Гараватцы са старых валатовак устала князёва дружына, зыходзiцца на веча, шумiць-гамонiць народ, раiцца як бацькаўшчыну ад напасьнiка баранiць. Чуеш, як вунь iржаць конi, зьвiняць шлёмы й кальчугi, дзiды й забралы? I цi нi клiнок з аздобленай ручкай урэзася-скрыгануў у шчыт напасьнiка? Чуеш гулкiя званы? Яны Гаравацкiх клiчуць. Гасiце-ськiдайце смаляныя вогненныя ядры, не давайце агню да цэнтру дзяржавы дабрацца! Дый не баранiцца, а наступаць вам, бо найлепшай абаронай ёсьць атака. Гудзяць ваенныя рагi, галосяць дуды, зьбягаюцца вартавыя й памежныя зьблiзку й здалёку. На бой, каб даць адпор! А дыханьне ворага прагнае, напорыстае. Гультай- леў пранюхаў здабычу i ўжо на сухадрэвiне першыя груганы зьявiлiся. Будзе гэтта бой вялiкi, сiла народу галовы паложыць. Чуеш, як напiраюць дружыны волатаў? I ня трывожыць цябе хiсткая, зьняможаная рука абаронцы? Трымайцеся, ня дайце ходу цемры, бо за гэтым боем мяжа. Далей нi прасьвету, нi жыцьця, адно на валатоўках вецер хаўтуры адпяваць будзе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У Бахмачовай хаце кацiным вочкам лiпеў на дне перавернутага верхам унiз гладыша на стале каганец. Абапёршыся падбародкам на далонi, сядзеў пры стале Мiкола. Ягоныя буйныя, даўно нястрыжаныя валосы навiсьлi над правым вокам. Хлапец матнуў галавой, адкiнуў назад валосы i ўтаропiўся ў маленькае полымя каганца, што варушылася пад подыхам ветру, якi прабiраўся празь сьцены, абкладзеныя звонку кулявой саломай i абсыпаныя кастрай. Блiжэй парогу, ля вялiкай печы, весела хлiпала ў круглай чыгуннай печцы полымя. Печку кагадзе прывалаклi ў хату, паставiлi на цаглiнах i падлажылi пад нiз абшырны кавалак таўстой бляхi, а комiн правялi ў круглую дзiрку цаглянай печы.

Янук паволi сьцягнуў боты, павесiў на шнуры над печкай сушыцца анучы, надзеў туфлi й сеў на зэдлiку ля печкi. Зiрнуў на брызентавую сумку, у якой насiў кнiжкi й сшыткi ў школу, нешта памяркаваў ды лянiва прыжмурыў вочы. Незадаволены Мiколавай капустай, бурчэў жывот. Хлапец раптам устаў, выбег у сенцы й хутка вярнуўся зь вялiкай жоўтай антонаўкай у руцэ. Адкусiў вялiкi кавалак i паволi, смакуючы, пачаў жваць.

- Ужо зьмякчэла? - спытаў лянiва Мiкола.

- Яшчо цьвiрдаватая, алi ўжо есьцi можна, - адказаў Янук.

Абнюхаўшы прыемны пах антонаўкi, Мiкола пацягнуў носам. Яблакi належвалiся на гары ў кастрыцы.