Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 140

К Акула

"...которые помогают мракобесам, есть везде вокруг вас. Они - ваши друзья, знакомые, ваши родственники. Будьте бдительными и стремитесь с самого начала их разоблачить ибо разоблачение есть первой степенью просвещения..."

Косьцiк ведаў, што рабiў. Ён Януковага бацьку "мракабеса разаблачаў". Вось яно што.

"...наши общие интересы, стало быть интересы коммунистической партии, могуиественного советского государства, правительства его и мудрейшего из мудрых отца народов, гениального корифея коммунизма, товарища Сталина, стоят выше интересов семейственных, собственных и прочих..."

Кляса перасеялася. Адыйшлi нафуфырыныя, намаляваныя, пасьвяточнаму апранутыя панкi й паненкi. Недзе мо ў вагонах па дарозе на Сiбiр, цi ў iншым катуху "нiаб'ятнай" голад i холад iм з павекаў сон зганяе. Там-жа й Верачка-цацанька з галапупымi разам. Божа магутны! У клясе ўважна слухалi гэтага дзiвака сьцiплыя, простыя, даверлiвыя сялянскiя дзеткi. Спачатку было "асадзi назад" зь сёмай i шостай у пятую. Бальшавiцкая мешалка перамяшала, на новы лад падраўняла. У шостай больш здольныя засталiся, а ў сёмую наплылi сынкi й дачушкi "васточнiкаў". "Народнаўладнiцкая" мешалка прынесла ў клясу лапцi, сукенкi й сьвiткi ў лапiках, розныя транты-абноскi, вожыкамi стрыжаныя галовы. Затаптаная гразёй падлога даўно вады й мыла прасiла. Цяпер-жа адно "камбедаўцы" вопраткай вырозьнiвалiся.

Званок зь нiзу заврухнуў з дрымоты Мiкiту Пятровiча, а сьмелы шорах выказаў агульную нецярплiвасьць дзяцей. Максiм Паўлавiч на мiг спынiўся ў сярэдзiне няскончанага сказу.

- Жалко, так быстро время пролетело... Пускай. На второй раз продолжим...

Вучнi выходзiлi ў калiдор. Янук стаяў пры вялiкiм вакне, празь незамерзлую сярэдзiну шыбы пазiраў на бель роўнага поля, што з правага боку падбiралася пад дуброву, а зь левага да чыгуначных шляхоў. На станцыi дымiла колькi паравозаў, мясцамi варушылiся вагоны, гэтта блiжэй ужо вырасьлi сьцены вялiкай будынiны, таго "фазаво". Там чарнелi ля працы "фуфайкi".

- Што-ж ты, Янучок, сягоньнiка такi нiвясёлы?

Стаяла зь левага боку, упрытык да яго пляча. Румяная, пышная, расьцьвiўшая. Вось, здавалася, хутка на пунсовых шчочках зьявяцца ямачкi, гарэзьлiвай усьмешкай загарыцца тварык, а васiлькi, зводзячы й абяцаючы, пацягнуць у краiну хмельнага, кроў грэючага-хвалюючага дурману. Янук, не без намаганьня, адвярнуўся, каб не глядзець на дзяўчыну.

- Ды так сабе... А што мне нiвясёлым няможна быць?

31

Перад зьмярканьнем папусьцiў мароз i ўскатурхаўся свавольнiк-вецер. Лянiва пазабаўляўся сьнежнай трасянкай ля гумнаў, хатаў, на ўхабiнах раскапанага тунэлю гацлага гасьцiнцу, на ўзьлесьсi Гаравацкай пушчы, скалануў Архiпаў чуб. Пачаў арганiзаваць уланаў чартоўскай коньнiцы дый не на сьмех шаржаваць вакол будынкаў. Пасьмялеўшы, сьнежныя, бела-пуховыя буяны джгалi ўздоўж i ўпоперак зусiм адкрытага прастору лiтоўскiх начовак. Вырасталi, iмчалiся на злом галоваў, падалi й зноў паўставалi.