Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 139

К Акула

Дрыжыць млосная Пракопава рука, трымаючы набухтырыную Шпунтом шклянку агiднай сiвухi. Зладзейскiя Сабакевiчавы вочы, як кот мыш, пiльнуюць зьняможанага Януковага бацьку, каторага ў халодны пот кiдае. Ён паволi, цяжка ўстае за сталом. Рука апушчаецца й ставiць шклянку на стол, вочы сьвецяцца скрухай i дрыжыць голас малiтвы: "Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая Правiднiца наша, заступiся за нас!"

Тры постацi застылi пры стале. Цяжкое дыханьне й мёртвае маўчаньне. Мiг - цэлая вечнасьць. "Я табе, яцi тваю маць, пакажу тваю Апрасiньню!" грымiць разьюшаны, хрыплы бас i шклянка цаляе проста ў цэнтар абраза Прадславы. Як цяжкi мех, бацька асоўваецца на лаву, дрыжаць бледныя вусны.

"...бдительность нужно применять везде и всегда, ибо враг не сдается и не думает сдаваться. Борьба с клерикалами-мракобесами будет длинной и упорной..."

Кагадзе пашырылася ў Лiтоўцах навiна, што чорнабароды Абухаў у Дубовiцкай царкве свае модлы спынiў. Парафiю ўлада асядлала такiмi вялiкiмi "ўзносамi", што каб няведама якiмi грамадамi ў царкву сьпяшылi й якiя вялiкiя матар'яльныя ахвяры прыносiлi, дык усё ў касматую "асвабадзiцельную" лапу трапiць, а самому дубовiцкаму сьвятару, быццам, на грыбную полiўку навет ня хопiць. Казалi, што быццам сьвятар з залатым крыжам пры царскiх варотах на тэму такога нефартуннага павароту справы, густа ў чорную бараду чмыхаючы, прасьлязiўся, помачы прасiў. Ды "узносы", як з гэных гутарак спанатрыць можна было, ня толькi царкоўную, але й Абухаву прыватную маёмасьць учэпiстамi лапамi агарнулi. На дзьвярох Дубовiцкае вялiкi замок побач нейкай урадавай запiскi вiсеў, а сам сьвятар, з пляшкамi блiжэйшае сваяцтва завёў.

"...нужно сообразить, что мракобесы-клерикалы совершенно бессильны без поддержки масс. Задача наша поэтому есть в просвещении..."

Максiм Паўлавiч левай рукой палез пад бараду, расшпiлiў аплiк i пару гузiкаў шэрай, у клетачкi, сьвiткi ды далей шаманiў сiпата-траскучым голасам. Янук зiрнуў на шчэрбiну свайго левага бота. Тарчэлi адтуль рудыя драўляныя цьвiкi. Налезла сьнегу, пальцы нагi варушылiся ў вiльготнай анучы. Бурчэў-наракаў жывот. Можа за пару гадзiн па гэтым марозiшчы дахаты дабярэшся, а там Мiкола з капустай сустрэне. Добра, калi кавалак косткi зь мясам пападзе.

Уздрыгнуўся з дрэмкi ля вакна Мiкiта Пятровiч, зiрнуў на агiтатара з "народнага абразаванiя", кiнуў вокам на вялiкую белую цыбулiну-гадзiньнiк на руцэ. Каб перапынак скарэй.