Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 136

К Акула

- Ды чаго ей... Ня ведаiш трапла? Но-о-о-о, пашоў! - гукнуў Тодар на каня й кароткай пугай сьцебануў паветра.

- Алi-ж цябе як Бог падаслаў. Калi-б гэта я дахаты дабрыў, задаволена-вялым голасам сказаў Антось.

- Дарога цяпер ужо ўтоптаная. Нi я дык нейкi другi Макар падвёз-бы.

Тодараў малы, шустры конiк узяў трушком i, мiнуўшы вакзал, пераезд, пабег яшчэ весялей па гладкай, добра ўзежджанай дарозе. Абапал гасьцiнцу павесiлi аброслыя iнеем бароды старыя кашлатыя вербалозы. На паўднi, за Гаравацкай пушчай вызiрнула халоднае зiмовае сонца. Iскрыўся серабром сьвежа халодны сьнег на хвалiстых гонях, маўчалi маестатычныя хвоi й замерлi кастлявыя вольхi на лузе. Прыемна скрыпелi палазы. Дзяркач жмурыў вочы ад дражнячага, яркага блеску сьнегу, з асалодай удыхаў чыстае марознае паветра. Яго хiлiла на сон. Тодар параiў закруцiць ногi ў дзяругу, што ў санёх трымаў.

- Дык як-жа гэта, кажаш, Косьцiка й Лявона забралi? За што-ж iх? цiкавiўся Дзяркач.

- Чорт iх знаiць. Лiтоўскiя ня могуць у тым нiякага ладу дайсьцi. Гэта-ж iхныя, казаў той, найлепшыя людзi. Казала Шпуньцiха, што ночы ынкавудысты наляцелi, як ваўкi дзяцюка пацягнулi. Ды пазабiралi й другiх камунiстаў, з другiх вёсак. А нашто й чаму?

Як кароткая Тодарава пуга, каторай не патрабаваў навет паганяць конiка, новае, цiкавае пытаньне павiсла ў паветры.

30

Вялiчынёй з добрае памяло, мышынага колеру барада пракiдвалася белаватымi пэйсамi й закрывала шырокiя грудзi. Яна то патакiвала-трэслася зьверху ўнiз, то запярэчвала, на бакi гойдалася. Вусны гэтага дзiвака, што назваў сябе Максiмам Паўлавiчам, варушылiся скора, паказвалi два залатыя зубы ў адтулiне мiж вялiкiмi вусамi й барадой. Увага клясы сканцэнтравалася на тых вуснах i бледна-ружовых, хваравiтых шчоках, бульбападобным носе, баразнаватым шырокiм лбе й вялiкай лысiне, сiвымi касмылямi абкружанай. Малыя, рудыя вочкi коўзалi па вучнях, або, калi трэба было падчыркнуць нейкi загiб аргуманту, пазiралi дзесь у няведамую даль.

Прыгадваў Янук зь нейкай кнiгi здымак. Дзядзьку з такой дубiнай, як пастухi маюць, ды вялiзнай барадой i круглай лысiнай назвалi тады "iзраiльскiм прарокам". Прозьвiшча Янук ня прыгадваў. Дай вось такi даўгi кiй Максiму Паўлавiчу й вылiты прарок будзе.

Прывёў яго ў клясу дырэктар сямiгодкi Якаўлеў, сказаў вучням, што прыслалi яго з адзьдзелу "народнага абразаванiя" для выяснения "некоторых вопросов по религии".

Якаўлеў пайшоў, клясны апякун Мiкiта Пятровiч прымасьцiўся на крэсьле ля вакна й пачаў драмаць, а гэты дзядзька гаварыць пачаў паволi, а цяпер ужо й запраўды расплыўся. Можа й сам у сваю гаворку верыў, калi па шчырым выглядзе меркаваць. Адзiн Ёсiп Вiсарыёнавiч, што вiсеў на даўно паскрэбанай рознымi пiсакамi к просячай хварбы пярэдняй сьцяне, абыякавымi ледзянымi вачмi пазiраў недзе праз вакно на гацкую чыгунку.

Сочачы гэту бараду, прыгадваў Янук Янук iншую. Вялiкi ўказальны палец да гаркаты сьлёз парнуў у жывот i пачуўся зьдзеклiвы голас: "Ну что, мужык, нажрался бульбы?" Казалi, што Абухаў вёў людзей да Бога, а гэты, мусiць, да чорта, цi, як паiхнаму сказаць, да дыявала. Абое рабое.