Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 135

К Акула

- Здароў, Тодар. От чаго ня ўзьбiўся на цябе, загледзiўся, - вiнавата пачаў Антось.

- Здароў, здароў! - трос руку Тодар. - Дык адкуль ты й куды.

- Ды нi пытайся. Каму-ж ведаць, калi нi табе?

- Што ты, дзяцюк, вярзеш? Праўда, што там быў? - нацiснуў Тодар на перадапошняе слова

- Так, быў.

- Ну й што?

- Браток, нi пытайся, бо нi скажу. Паперку мусiў падпiсаць.

- Якую гэта паперку?

- Такую, дзе прырок вады ў рот набраць. Кумекаiш?

Рашчараваны Тодар адвёў вочы набок, думаў.

- А Косьцiка цi Лявона ня вiдзiў тамака?

- Не, ня вiдзiў, - спакойна адказаў Антось. - А чаго iм тамака цiгацца?

- Дык от-жа ня iм цiгацца, а iх пацягнулi, - зьнiзiўшы голас, ледь чутна паведамiў Кмiта.

Нельга сказаць, каб Антось адубеў ад такой навiны, але ён нiзка й працягла сьвiснуў, а вочы ягоныя нявыспаныя, з выразам "глянь ты, што робiцца", затрымалiся доўга на Тодаравым твары.

- Алi ты абажджы, - казаў Тодар, - ты во змучаны, вiдаць... Каб сьцюжа цябе нi хапiла, давай зайдзiмся.

Антось не адмаўляўся, калi Тодар яго за руку пацягнуў. Ня ведаў, куды цягне, а Кмiта задняй вулачкай прывёў яго ў рэстаран. Уласьнiк Шапiра ня ведаў, што далей будзе, рэстаран не пераключыўся яшчэ на новы лад. Сваiх клiентаў, што любiлi чарку, Жыд часам i на кухнi ўгасьцiў.

У Шапiравым дварэ Тодар падыйшоў да свайго каня, прывязанага да плоту, падкiнуў яму сена, пагладзiў па шыi.

- Падай нам, Хаiм, чаркi! - загадаў Тодар гаспадару, калi зачынiў скрыпучыя дзьверы й расьселiся каля стала. - Гэтта пагрэемся, - зьвярнуўся да Антося. - Дык, кажаш, рот зачынiлi, то й пытацца ня буду. Алi-ж вiджу, што ня ў выгадзе быў...

Гэтак гаворачы, Тодар выцягнуў з торбы празрыстую паўлiтроўку маскоўкi, сьвежы бохан крамнага хлеба й кавалак сала. На доўгiм стале напокуцi, побач рознага посуду, шыпеў вялiкi руды самавар. Пах селядцоў, капусты й печанай цыбулi атакаваў нос. Адзiн столiк пуставаў ля дзьвярэй. I трымаў, мусiць, Шапiра поўны самавар на выпадак, калi хто зайдзе пагрэцца.

- Ай, Тодаг, ты чалавек боскi, ты са свая гагэлка ходзiць, усьмiхнуўся лысы, пузаты, з малой, сiвой бародкай Хаiм.

- Як ты, Хаiм, зноў пачнеш прадаваць гарэлку, дык ня буду сваей прыносiць, - усьмiхнуўся Кмiта.

- Праўда кажаш, - згадзiўся Жыд. - Можа чай падаць?

- Давай, браток. Наш Антось цi нi прастыў во...

Тодар налiў чаркi, парэзаў сала, адкроiў хлеба.

- Дык давай, за тваё здароўе, - падняў чарку. - I за дарогу дамоў, падмiргнуў вокам. Гэткiм чынам Жыд не зразумеў пра што йдзе.

Пасядзелi ў Шапiры, мусiць, каля гадзiны. Антось павесялеў. Гарэлка добрым цяплом разьлiлася па акалелым целе. Сьвежы крамны хлеб з салам быў як-бы збаўленьнем. Добры чай зь лiмонам дапоўнiў Антосева задавальненьне.

- Алi-ж заседзiлiся. Трэба ехаць, бо баба навалiцца, - усхапiўся Тодар.

- А чаго-ж тваей бабе нi хапаiць? - спытаў Антось, нацягваючы сярмягу, якую Тодар трымаў на сядзеньнi й цяпер пасулiў лёгкаапранутаму дзяцюку.