Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 134

К Акула

Дзяцюк зiрнуў на вартавога, вочы прабеглi па пустой каморы. Зь якiмi "вяшчамi"? Забралi-ж амаль голага, не далi навет з бацькам разьвiтацца. У знаёмай яму ўжо канторы кручканосы гарбуз сядзеў за сталом. Калi вартавы зачынiў дзьверы, ён коратка сказаў: - Вы сейчас пойдёте домой. Лишь подпишите эту заявку, что никогда и ником не будете говорить о том, что здесь происходило. Поняли?

Напалоханы й зьняможаны Дзяркач чакаў чаго iншага, але не таго, што чуў i бачыў. Няйнакш сьледчы выдумаў нейкi дрэнны жарт. Зноў непрадугледжанае пачнецца. Цi зможа ён высьлiзнуць з гэтай новай, няведамай пасткi?

- Ну чего стоиш? Разве по-русски не понимаеш? Что с тобой?

Сьледчы падсунуў яму паперку й палажыў збоку ручку. На паперцы было нешта напiсана, але колькi нi намагаўся Антось прачытаць, - а парасейску ня ведаў добра, - лiтары скакалi, дваiлiся. Дом, цяпло, мiска сытнай стравы, вось што, быццам сонца, зазьзяла на цёмным у апошнiя днi Дзеркачовым гарызоньце. Ён навет ня памятаў, калi падпiсываў тую паперку.

Цi раз пазьней Антось разважаў пра нядужасьць i вытрымаласьць фiзычную. I часта прыгадваў як гэным часам, калi адчынiлiся перад iм дзьверы на волю, лягла зноў сонечная й прывабная дарога да роднае хаты, адкуль узялася тая моц, куды сплыла тая вялiкая нядужасьць. Спачатку хiстаўся як п'яны, але па меры таго як аддаляўся ад быўшай вiльлi Вiлiнскага, цяперашняга гнязда "народнай уласьцi", раўней ягоны крок, дужэў арганiзм, сьвяжэла змучаная галава. I паволi, вельмi паволi вярталiся на месцы ўсе пешкi, конi й каралеўскiя фiгуркi жыцьцёвай шахаўнiцы.

Перш за ўсё Антось спасьцярог, што на сьвеце панавала прыгожая, марозная зiмовая ранiца. Усё, здаецца, выглядала бязь зьмен. Людзi, каторых бачыў на вулiцы, каля станцыi, а пасьля i ў вiлах Глыбоцкайi Докшыцкай, дзе Гiбiшына крама раскашэлiлася, займалiся штодзённымi, патрэбнымi справамi. Праўда прыватны гандаль скончыўся, крамы пазачынялi, адзiн калiшнi каапэратыў, цяперашнi "горпiшчапромторг" гудзеў натоўпам. Народ вылiўся ў даўгi хвост чаргi, што цягнуўся аж да калiшняга "пастарунку палiцыi панствовай". Антось мяркаваў, што пэўне нешта важнае давалi. А мо хлеб чорны...

I ўсё-ж у Антосевых вачох жыцьцё выглядала накш, чым раней. Зьмена магла адбыцца ў яго самога. Вазьмi, прыкладна, гэных людзей у чарзе. Цi мала каторы думае, што калеючы на марозе за кавалкам хлеба, ён на дне нядолi апынуўся. Але цi каторы зь iх зьведаў тую камору, дзе апошнiмi днямi калеў Антось, цi хто зь iх ведае пакуты, волю страцiўшы?

Гэтак думаючы, iшоў Антось, не наважыўшы яшчэ што рабiць. Так звычайна захоўваецца арыштант, што пачынае на волi першыя крокi ставiць. Дзяркач сустрэўся лоб у лоб з Тодарам Кмiтам.

- Антось, куды ты? Як гэта з табой, пусьцiлi? - гукнуў той з бадзёрым выглядам. Ён трымаў нешта ў лужэльнай торбе пад пахаю. Апрануты быў у новыя боты з рудымi халявамi, суконную тужурку, барашкавую шапку. Кароткiя вусiкi прыдавалi весялосьцi румянаму твару.