Читать «З табой» онлайн - страница 12

Поль Элюар

ПОЎНАЯ ПЕСНЯ

1939

МЫ ІСНУЕМ

Ты бачыш вечар: ён выйшаў са шкарлупіны сваёй, Ты бачыш лес, захутаны ў прахалоду. Ты бачыш дол у воблаках марудлівага неба, Высокі снег, як мора, I мора — вышынёю да нябёс. I дасканаласць каменя, ласкавасць дрэў, I гарады ты бачыш у пазалоце смутку, Дзе тратуары просяць прабачэння. Глядзіш на плошчу — там у адзіноты статуя свая, Яна ўсміхаецца. Ёсць у кахання свой адзіны дом. I бачыш ты звяроў — Двайнятак-хітруноў: адзін з'яўляецца ахвяраю другому — Браты нявінныя — змяшаліся іх цені З пустэчаю крыві. Ты бачыш мілае дзіця, калі яно гуляе і смяецца, Яно зусім маленькае                                і нават менш Ад птушаняці на галінцы дрэва. Ты бачыш краявід, ён мае прысмак масла, Няма там для камення месца.                                             Зямля ўсю зеляніну лету аддае, а лета ўсю зямлю пладамі засцілае. Жанчыны выйшлі з люстра старажытнага, Табе прыносяць маладосць сваю                              і веру ў маладосць тваю, Адна ахутала цябе празрыстым вэлюмам — Ты ўпотай бачыш свет,                                  свет без цябе. * Ды з намі будзе жыць усё! Звяры лясныя — мае штандары, Даліны, добрыя мае прыгоды, Лісцё — карысная заслона гарадоў, Вас павядуць наперад людзі. Так, людзі! Знізу — пот, і кроў, і слёзы, Але ў душы — вялікія надзеі. I бачу: людзі, чулыя, патрэбныя, Скідаюць з плеч ярмо нікчэмнае, як смерць. Адпачываюць радасна пад шолах сонца.

БЕЗУПЫННАСЦЬ ПАЭЗІІ

Вачыма і пальцамі я вывучаю: усмешкі, На досвітку травы дрымотныя — Яны ўстаюць, калі набліжаецца статак: Грудзі, якія забыліся на голад I сорам; Жанчыну — супольніцу чулую Кахання млявага і кахання небывалага, Жанчыну, якая прыслухоўваецца Да жыцця, да плачу, Да зялёнай выспы цішыні. Вачыма і пальцамі я вывучаю ўсмешкі, Я адлюстроўваю іх. Хто яны, пяшчотныя істоты, Якія расе ўсміхаюцца I мой спакой сцерагуць? Сонца мякчэй за кратовую шкуру, Віхор закруціўся, упаў на лоб. Нерухомая ноч зламана, Скінута гордая маска, Разваліўся ланцуг. Разгортваецца ліст. Працяг маёй усмешкі — Вочы мае і пальцы. Маладосць наша з ласкай Нараджае зару над зямлёй.

АДКРЫТАЯ КНІГА

1940

ЖЫЦЬ

Мы рукі маем — вы і я, каб іх з даверам аддаваць. Наце вам руку маю, я вас далёка павяду. Я жыў па свеце шмат разоў,                                  змяняўся нанава мой твар З парогам кожным, з кожнай новаю рукой. I адраджалася вясна, па звычцы, Яна захоўвала і для сябе, і для мяне часовы снег, Смерць і нявесту будучую — Са сціснутымі і расслабленымі пальцамі пяццю. Мае гады заўсёды мне дарылі Жаданне новае для іншых жыць I кроў у сэрцы мець — для іншых сэрцаў. Ах, я празорлівы хлапчук! Быў і застаўся ім, Калі гляджу на белату дзяўчат слабых, сляпых: Яны, паверце, прыгажэй за месяц бледны, тонкі, Бо ён стаміўся адлюстроўваць шляхі жыцця. Шляхі жыцця! Дарогі дрэў, імхоў, Туману і расы, I цела юнага, якое не ўзыходзіць адзінока На прыступкі сваёй зямлі; Яго люляюць вецер, холад, дождж, Стварае лета з хлопчыка мужчыну. Доблесць мая — жыць у кожнай руцэ. Ёсць адна толькі смерць — адзіноцтва. Ад пяшчоты да ярасці, ад ярасці — да яснасці Я ствараю самога сябе і жыву ў істотах усіх, Я — ва ўсіх порах года, у сонцы, ў аблоках. Мінаюць сезоны, а я — малады, I дужасць мая ад таго, што жыву. Я — заўжды малады! Над маімі руінамі кроў палае мая. Нашы рукі патрэбны для іншых рук. Самай большай спакусай будзе наша любоў: Гэтак пушча вяртае радасць пушчы другой, I зямлю сваю — небу, неба — ночы такой, Дзе рыхтуецца дзень несканчоны.