Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 14

Сяргей Жадан

І вось ужо чацьвёрты дзень запар ён стрыжэ купоны, агалошваючы па тры казаньні на дзень, у яго тут ужо свае фанаты, яны аддана рэагуюць на кожны саплівы ўсхліп прападобнага, перакладзены для іх нейкай цёткай у шэрым афіцыйным касьцюме, якая працуе ў прападобнага перакладчыцай і якая яго, здаецца, не разумее, ва ўсялякім разе перакладае яна абы што, а самому прападобнаму, здаецца, проста западло яе карэктаваць, відаць, адкрыцьцё божае накрывае яго з галавой, яго проста прэ падчас казаньня, на яго нават пачалі хадзіць плянавыя, яны па-свойму разумеюць старога, гэта нібы такая сусьветная салідарнасьць усіх абкілбашаных прыдуркаў, якім тым ці іншым спосабам, кожнаму па-свойму, канешне, адкрываюцца божыя таямніцы, вось іх разам і прэ, а тут яшчэ і музыка гучыць.

Музыку граюць менавіта яны, прападобны правёў сярод іх дасканалы кастынг, выбраў у асноўным студэнтаў кансэрваторыі, толькі Малы Чак Бэры паходзіў з панкаў, яго прападобны ўзяў за пачуцьцё рытму, наагул для яго асьвета не была вызначальнаю, галоўнае, каб яны добра выглядалі на сцэне, ну, там, ніякіх габрэяў, ніякіх манголаў, ні ў якім разе каб ня чорныя, карацей, сапраўдны фашысцкі ўблюдак, але народу падабаецца.

Прападобны накручвае сябе ў грымёрцы, глытае нейкія пігулкі, п’е шмат кавы без кафеіну, і ўголас рэцытуе нешта з голі бібла, прымушаючы перакладчыцу паўтараць, перакладчыца панура маўчыць, прападобнага гэта заводзіць яшчэ больш, у яго ўжо першыя прыступы божага адкрыцьця, у яго гэта як срачка, яго проста разрывае і ўсё тут. Заходзіць нехта з адміністрацыі, час, кажа, ісьці, народ ужо чакае, прападобны сёрбае зь вялікага плястыкавага кубка сваю беспантовую каву, аблівае ёю сваю беласьнежную кашулю, шыт, кажа, факін шыт, перакладчыца спрабуе перакласьці гэта чуваку з адміністрацыі, але той толькі адмахваецца. Добра, гаворыць прападобны, давядзецца зашпіліцца на ўсе гузікі, будзем як вустрыцы, або як малюскі, як васьміногі адным словам, усе мы пад богам ходзім, дадае ён і выходзіць у калідор. За кулісамі, пад самаю сцэнай, прападобны на імгненьне спыняецца, яго ўвагу прыцягвае паўнаваты юнак у пясочным касьцюме, нішто сабе юнак, думае прападобны і на хвілінку прытарможвае. «Ты хто?» – пытаецца ён, і ў закулісным сутоньні на імгненьне бліскае корпус яго наручнага гадзіньніка, Какава замірае і на нейкі момант губляе мову, што ты маўчыш? нецярплівіцца прападобны, у цябе ёсьць сям’я? Какава ківае сваёй вялікай галавой, але імя не называе. Ну, добра, прападобны губляе рэшткі цярплівасьці, вялікая ласка госпада, хай яна ляжа і на такіх ебанатаў, як ты, перакладчыца хоча гэта перакласьці, але прападобны перапыняе яе – потым-потым, кажа ён і ідзе на сцэну, цяжка цягнучы над сабой жоўты непагасны німб.

Какава вырачана глядзіць на тое месца, дзе стаяў прападобны, доўга прыходзіць у прытомнасьць і на ватных нагах ідзе шукаць прыбіральню, нарэшце знаходзіць, з апошніх сіл адчыняе дзьверы, запаўзае ўнутр і пачынае бляваць. Я даўно заўважыў – калі ён нэрвуецца, калі ў яго стрэсы ці што, ён абавязкова блюе, проста бяда нейкая, калі пачынаецца сэсія, да яго лепш увогуле не падыходзіць, такі чалавек. «Госпадзе, – думае Какава, – о, госпадзе. Няўжо гэта сапраўды я, няўжо гэта сапраўды да мяне толькі што падыходзіў гэты чалавек? Ня можа быць, я, натуральна, ведаю сабе цану, у мяне добрыя сябры, у мяне мама ў бібліятэцы працуе, мяне ў Макееўцы няблага ведаюць і ў Мелавым таксама, але каб так! Ня ведаю нават, што і падумаць», – думае ён і зноў пачынае бляваць. «Як жа гэта, – думае ён адпляваўшыся, – гэта ж каму распавяду – не павераць. Скажуць, што ты вярзеш. Блін, сам сабе ня веру – жыў як жыў, сумленна рабіў сваю справу, нікому не перашкаджаў, нікога не падстаўляў, магчыма, гэта і ёсьць падзяка госпада. Інакш як, як – проста не разумею, як так сталася, што да мяне, проста да мяне, непасрэдна, вось так узяў і падышоў чалавек, У ЯКОГА НА РУЦЭ ЗАЛАЧОНЫ РОЛЕКС!!!»