Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 13

Сяргей Жадан

Заля забітая, сабралася больш як дзьве тысячы чалавек, хто прыйшоў пазьней – стаяць у праходах, таўкуцца пад сцэнай, публіка стромная – студэнты, пенсіянеры, вайскоўцы, інваліды, інвалідаў асабліва шмат, ну гэта зразумела, ёсьць нават бізнэсмэны, у касьцюмах едкіх колераў, ну і гэтак далей. Калі яны выходзяць, заля радасна выбухае, інваліды пачынаюць крычаць нейкія свае мантры, ім махаюць рукамі, усьміхаюцца, нават пару букетаў паляцела на сцэну, яны выходзяць і нясьпешна бяруць у рукі інструмэнты, падключаюцца, хтосьці нешта паказвае гукавікам, маўляў дайце мне больш, хтосьці адкаркоўвае пляшку зь мінэралкай, народ працягвае скандаваць, ладзячы сабе невялічкае сьвята, але яны ня надта на гэта вядуцца, усе разумеюць у чым тут рэч, хто тут насамрэч галоўны і чым усё гэта скончыцца, і калі разагрэтыя інваліды пачынаюць сьпяваць хорам, і на іх ужо амаль ніхто не зьвяртае ўвагі, зьяўляецца ён –

10.00

Прападобны Джонсан-і-Джонсан, сонца на затуманеным небасхіле новага амэрыканскага пастарства, зорка найбольш масавых прыходаў на ўсім Заходнім узьбярэжжы, лідэр Царквы Ісуса (аб’яднанай), поп-стар, які ўпраўляе мазгі ўсім, хто гэтага прагне і хто прыйшоў да яго гэтым летнім дажджлівым ранкам, проста пасярод тыдня, прападобны Джонсан-і-Джонсан пляваць хацеў на ўсе гэтыя ўмоўнасьці, ён не старавер які-небудзь, каб адпраўляць свае службы толькі па выходных, што за гаўно, кажа ён, што за стараабраднае гаўно, і ўсе зь ім пагаджаюцца. Ён прыехаў у горад пару тыдняў таму, зьняў канцэртную залю на месяц наперад, набраў музыкаў і вось ужо чацьверты дзень ябошыцца тут, прапаведваючы абарыгенам слова божае, абарыгенаў набіваецца з кожным разам усё больш, прападобны мае фантастычных агентаў, усе гарадзкія газэты яшчэ за месяц да яго прыезду пачалі пра гэты прыезд пісаць, улёткі зь яго ўсьмешлівым амэрыканскім яблом раздаваліся на заводах, базарах і ў банках, у першы ж дзень па прыезьдзе ён даў інтэрвію найпапулярнейшаму гарадзкому ціві, і да найвялікшага зьдзіўленьня глядацкай аўдыторыі нават гаварыў на больш-менш прыстойнай дзяржаўнай мове, набіраючы трохачковыя проста на пустым месцы, гаварыў, што мае мясцовыя карані, але наагул ёсьць васпам, то бок стопрацэнтным белым з Тэхасу, ня дзіўна, што пра яго гаварыў цэлы горад, падчас перашага казаньня ў залі было некалькі тэлекамэр, усе больш-менш апэратыўныя каналы лічылі мэтазгодным сказаць, што першае казаньне прападобнага Джонсана-і-Джонсана, пра якое так доўга гаварылі бальшавікі, адбылося, усё клёва, дарагія харкавяне, вы проста мусіце гэта ўбачыць, тым больш – уваход халяўны, плюс усім раздаюць бясплатныя каляндарыкі зь фізіяй прападобнага, службы будуць праходзіць кожны дзень да канца чэрвеня, пачатак а дзясятай, трынаццатай і сямнаццатай нуль-нуль, без выходных.