Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 86

Вячаслаў Адамчык

Было далёка відаць — не заміналі будынкі,— і рабілася нязвыкла. У нас каля бэзу яшчэ гарэў і абвальваўся плот. На чужым падворку стаяла абгарэлая бярэзіна, толькі на вяршку асталося звялае, паскручванае ў трубку лісце. Нехта стаяў каля свайго пажарышча і разварушваў яго доўгаю палкаю — мусіць, нешта шукаў.

Збіраліся і выходзілі на вуліцу людзі — ціха, як збіраюцца глядзець нябожчыка. Смярдзела паленым гноем, анучамі, мясам, як прыгарыць яно ў гаршку.

Там, дзе была наша падпаветка, дзе стаяла Чарнавуха, якую маці з гарачкі забылася выпусціць з хлява, я ўбачыў чорную асмаленую галаву з адным скручаным рогам, з заплюшчанымі вачыма, з высалапленым і сцятым дзяснамі языком. Чарнавуха, відаць, выбіла ў падпаветцы рагамі аконца і высунула на двор галаву. Тады яна і раўла, як гарэла падпаветка. Далей на пажарышчы была толькі вялікая, абсыпаная чорным попелам горба — ляжала каровіна тулава.

— Божа ж мой, божа, як жа ж будзем жыць? — трымаючы пад пахаю падушку і свой новы, з плюшавым каўнерыкам сачык, маці падышла да закрытае картаплянае ямы, куды надоечы насіла са свайго куфра палатно і адзежу, укленчыла і адкінула з дзіркі ржавую бляху. Зверху на скіданай адзежы я ўбачыў бардзюр.

— А во, той самы пасак! — крыкнуў я і зарадаваўся бог ведае чаму.

Маці, нічога не сказаўшы, укінула туды ў яму свой новы каптан, увапхнула падушку і падышла да пажарышча. Стаяла, склаўшы, нібы молячыся, перад грудзьмі рукі, і ў яе крывіліся губы і дрыжала барада.

Каля бэзу усё яшчэ гарэў і лускаў, як лускае, астываючы, асмалак, наш плот. У апаленых, што зляглі і счарнелі, памідорах стаялі абгарэлыя калочкі, ляжала растопленае шкло і адлівала нейкімі ружавата-зялёнымі палосамі, як адлівае на вадзе, расцякаючыся, мазута.

— Лявосю, кажуць, застрэліла,— крыкнулі з-за бэзу бабы, бегучы вуліцай.

— А больш нікога? — спытала маці.

— А хто ж яго ведае! — не азіраючыся, азваліся бабы і скоранька пайшлі, мільгаючы босымі нагамі.

— Пойдзем да дзеда, можа і бацька там,— маці павярнулася і пайшла нашым надворкам з чорнымі лапікамі выгаранае сухое травы — там, дзе ўпалі іскры.

Каля пясчанае дарогі ў раўку за вёскаю ляжаў той самы маладжавы цыган; ляжаў ён у выкачанай крапіве з выскаленымі і сцятымі зубамі. Твар яго скрывіўся і скамянеў ад пакуты. Далёка ад яго валяўся палатняны салдацкі рэмень.

— Ах, божа, так гэта ж той чалавек! — маці перахрысцілася.— Пытай, за што ж яны яго застрэлілі? Ці чалавек вінаваты?..

Дарогаю пад нашу вёску адна за адною ехалі нямецкія машыны: зверху на радыятарах трапяталася чырвоная матэрыя з белым кругам і намалёваным у ім чорным нямецкім крыжам. Машыны дыхалі гарам. Яны прайшлі, а над дарогаю стаяў і не разыходзіўся гэты чорны дым, смярдзючы, як агарак кнота ў лямпе.

Мы падняліся на грудок. Там, дзе стаяла дзедава хата, гумно, курэліся два чорныя пажарышчы: на дарогу, на жоўтае ад слепаты балота поўз і разыходзіўся сіні дым. Выдавала здалёк, што гарыць торф. На балотцы за дарогаю ў капусце было відаць чырвоную дзедаву карову. Пералівалася сінявата-ліловае маладое жыта за балотцам, па ім хадзіў вецер, і яно сівела. Недзе высока ў злінялым небе вісеў невідушчы жаваранак; песня яго была тоненькая — вось-вось парвецца.