Читать «Дажыць да світання» онлайн - страница 85
Василь Быков
Вядома, ён быў асуджаны на пагібель і разумеў гэта з дастатковай у яго стане выразнасцю, хоць і не вельмі шкадаваў аб тым. Выратаваць яго нішто не магло, ён не спадзяваўся на цуд, ведаў, што для такіх, з прастрэленымі грудзьмі, цуду на вайне не бывае. Ён ні на што не спадзяваўся, ён толькі хацеў памерці не марна. Толькі б не замерзнуць на гэтай дарозе, дачакацца світанку і першай машыны з немцамі. Здорава, калі б гэта быў генерал, ужо Іваноўскі ўзняў бы яго ў паветра разам з шыкоўным яго аўтамабілем. На горшы выпадак прыгадзіўся б таксама палкоўнік ці які-небудзь важны эсэсавец. Мяркуючы па ўсім, штаб у вёсцы вялікі, важных чыноў там хапае.
Але для таго трэба было дажыць да світання, выстаяць перад д'ябальскай сцюжай гэтай жахлівай ночы. Аказваецца, перажыць ноч было так цяжка, што ён стаў баяцца. Ён баяўся змерзнуць, баяўся заснуць або надоўга страціць прытомнасць, баяўся болю ў грудзях, які падпільноўваў кожны ягоны рух, баяўся мацней кашлянуць, каб не сцячы крывёй. На гэтай праклятай дарозе яго пільнавалі спрэс небяспекі, якія ён павінен быў перамагчы, абхітрыць, адужаць, каб датрываць да ранку.
Рук сваіх ён амаль ужо не адчуваў, але цяпер пачалі дранцвець ногі. Ён паспрабаваў паварушыць пальцамі ў боце, але гэта яму не ўдалося. Тады, каб неяк утрымаць цяпло, што хутка пакідала цела, ён пачаў стукаць змерзлымі ботамі аб дарогу. У начной цішыні ззаду пачуўся глухі, устрывожаны грукат, і ён перастаў. Ног ён не сагрэў ніколькі, але самому стала кепска, і ён, адчуўшы, што траціць прытомнасць, апошнім намаганнем сунуў пад сябе гранату. Гранату цяпер ён вымушаны быў берагчы больш за жыццё. Без гранаты ўсё яго існаванне на гэтай дарозе адразу страчвала сэнс.
Пасля глыбокага правалу ў свядомасці, за якім наступіў доўгі прамежак ліпкай, бяссільнай знямогі, ён зноў адчуў пранізлівы люты холад і амаль жахнуўся. Здавалася, гэтай ночы не будзе канца, і ніякія ягоныя хітрыкі не дапамогуць яму датрываць да ранку. «Але як жа можа так быць? — ледзьве не крычаў у ім поўны пратэсту, амаль роспачны голас. — Няўжо ж так нічога і не выйдзе?» Дзеля чаго ж тады выдаткавана столькі яго намаганняў і яго сілы? Няўжо ж усе яны прападуць марна? Але ж яны прадукт яго матэрыяльнага я і самі, напэўна, матэрыяльныя, як кожная энергія, яны ж — знясіленае яго цела і пралітая ім кроў, чаму ж яны павінны ў гэтым матэрыяльным свеце прапасці без следу? Ператварыцца ў нішто?
Тым не менш ён амаль пэўна ведаў, што ўсё скончыцца кепска, і адначасна адмаўляўся разумець гэта. Ён хацеў верыць, што ўсё, зробленае ім у такіх пакутах, павінна недзе адбіцца, у чымсьці выявіцца. Няхай не сёння, не тут, не на гэтай дарозе — можа, у іншым месцы, праз нейкі няпэўны час. Але ж павінна яго пакутлівая смерць, як і тысячы іншых, не меней пакутлівых смерцяў, прывесці да нейкага выніку на гэтай вайне. Інакш як жа гінуць у пустой безнадзейнасці адносна сваёй патрэбы на гэтай зямлі і ў гэтай вайне? Ён жа для чагось нарадзіўся, жыў, столькі змагаўся, цярпеў, праліў сваю гарачую кроў і цяпер у пакутах аддаваў жыццё. Павінен жа ў гэтым быць нейкі, хай не дужа каб значны, але ўсё ж чалавечы сэнс.