Читать «Дажыць да світання» онлайн - страница 87

Василь Быков

І ён зубамі выдраў з рукаяткі тугое колца чакі.

Фурманка паволі набліжалася, і, здаецца, з воза яго ўжо заўважылі. Немец з паднятым каўняром шыняля, што сядзеў да яго бокам, яшчэ гергетаў нешта, а другі, у насунутай на вушы пілотцы, што кіраваў коньмі, ужо выцягнуў шыю, углядаючыся ў дарогу. Іваноўскі сунуў пад жывот гранату і ляжаў, не крануўшыся. Ён ведаў, што здаля не дужа прыкметны ў сваім маскхалаце, зноў жа, у каляіне яго трохі прымяло снегам. Стараючыся не варухнуцца і амаль зусім перастаўшы дыхаць, ён затаіўся, прыплюшчыў вочы; калі заўважылі, няхай падумаюць, што ён мёртвы, і пад'едуць бліжэй.

Але бліжэй яны не пад'ехалі, а крокаў за дваццаць спынілі сваіх біцюгоў і нешта закрычалі яму. Ён па-ранейшаму не варухнуўся і не азваўся, толькі неўпрыцям за імі сачыў прыплюшчанымі вачыма, амаль з пяшчотай адчуваючы пад сабой выратоўчы кругляк гранаты.

Не дачакаўшыся адказу, адзін з немцаў, што сядзеў на возе з паднятым каўняром шыняля, узяў карабін і задам споўз на дарогу. Другі застаўся на возе з лейцамі ў руках, і лейтэнант прамычэў ад прыкрасці. Атрымлівалася і яшчэ горш, чым ён думаў: да яго ішоў адзін. Іваноўскі ўнутрана сцяўся, у вачах яго пазмрачнела, дарогу і бярозы пры ёй чамусьці павяло ўбок. Але ён неяк утрымаўся ў прытомнасці і чакаў.

Немец тым часам лязгнуў затворам, штось крыкнуў і, матляючы поламі шыняля, пайшоў па дарозе. Карабін ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Іваноўскі патроху адпускаў пад сабой планку гранаты і моўчкі паўтараў, бы малітву: «Ну ідзі ж, ідзі…» Ён чакаў, увесь ператварыўшыся ў жывое ўвасабленне чакання, на іншае ён ужо быў не здольны. Ён не мог дакінуць да немца гранату, ён мог толькі ўзарваць яго разам з сабой.

Аднак гэты абознік, відаць, быў не надта каб смелы і ішоў да яго так асцярожна, што здавалася, кожную секунду мог павярнуць назад. І ўсё ж ён набліжаўся. Іваноўскі ўжо бачыў няголены, нейкі заспаны ягоны твар, заінелыя гузікі на шынялі. Далёка яшчэ не дайшоўшы да лейтэнанта, ён зноў штось гукнуў і спыніўся. У наступнае імгненне лейтэнант ледзь не закрычаў ад крыўды, убачыўшы, як немец узнімае да пляча карабін і пачынае цэліцца. Цэліўся ён няўмела, надта старанна, ствол карабіна доўга хадзіў з боку ў бок; напарнік яго ўсё гергетаў штось з воза, напэўна, даваў парады. Іваноўскі па-ранейшаму ляжаў нерухома, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на свайго забойцу, і слёзы роспачы каціліся па яго твары. Вось ён і дачакаўся світання і сустрэў на дарозе немцаў! Усё канчалася недарэчна, подла і бяздарна, як ні ў якім выпадку не павінна было канчацца. Што ж яму цяпер заставалася? Устаць? Крыкнуць? Падняць угору рукі? Або ціха і пакорна прыняць гэту апошнюю кулю ва ўпор, каб назаўсёды знікнуць з твару зямлі?