Читать «Дажыць да світання» онлайн - страница 83

Василь Быков

Фізічна ён быў дужа кепскі і ведаў гэта. Прытомнасць яго, нібы канатаходзец на дроце, увесь час балансіравала над непрытомнасцю, гатовая кожную секунду сарвацца ў нябыт, і лейтэнант вялізным намаганнем волі асільваў сваю немач. Траціць прытомнасць, калі ён прыпоўз да самай дарогі, было ўжо занадта.

Пэўна, усё ж ён бы саўладаў з сабой і цяжка, паволі, але ўспоўз бы на дарогу, калі б не канава. Канава здрадніцкай пасткай пралегла на ягоным шляху. Іваноўскі ледзь не задыхнуўся, трапіўшы ў яе засыпаную снегам глыбіню, і закашляўся. Адразу ж адчуў, што пачалося кровацячэнне, тугі і агідны згустак выслізнуў з яго рота, і цёплы струмень крыві хутка пацёк з падбародка па шыі на снег. Ніц ён ляжаў на краі канавы і думаў, што нічога больш недарэчнага нельга сабе і прыдумаць. Гэтак цяжка, звыш усялякіх магчымасцяў паўзці ноч да дарогі, каб памерці за два крокі ад яе. Заўтра паедуць немцы, і ён замест таго, каб спаткаць іх з гранатай у руках, будзе ляжаць перад імі нікчэмным замерзлым трупам.

Прытомнасць яго зноў пачала марнець, і тут ужо не магло памагчы ніякае яго намаганне. Погляд заслала змрокам, увесь свет звузеў у яго адчуваннях да маленечкай, светлаватай кропкі, якая вельмі хутка меншала. І вось гэтая кропка пагасла. Але ўсё ж і на гэты раз штосьці перамагло ў ім смерць, і яго спакутаванае цела вярнулася да жыцця. Без жаднага намагання з ягонага боку кропка зноў засвяцілася, і ён раптам зноў адчуў вакол снег, сцюжу і сябе ў ёй, поўнага немачы і болю. Ён адразу ж заварушыўся, затузаўся, стараючыся ў што б там ні стала вырвацца са снегавой пасткі-канавы, успаўзці на дарогу. Пакуль ён быў жывы, ён павінен быў заняць апошнюю сваю пазіцыю і там скончыць жыццё.

І ён усё ж выбраўся з гэтай канавы, бокам узваліў на дарожны край цела, прапоўз яшчэ крокі чатыры і аціх, ужо не маючы ніякае сілы. Але пад ім была каляя, ён добра адчуваў яе сваім целам, аб'ехаць яго было немагчыма. Тады ён коратка, сцішана ўздыхнуў і пачаў рыхтаваць гранату.

З гранатай, аднак, давялося папакутаваць доўга, можа, яшчэ даўжэй, чым у канаве. Непаслухмяныя памарожаныя пальцы яго, здаецца, зусім страцілі адчуванне, некалькі хвілін ён марна імкнуўся развязаць імі кавалак бінта, якім граната была прывязана да дзягі, але так і не здолеў яго развязаць. Пальцы слепа блукалі па сцягне, ён нават не мог намацаць імі канцы завязкі, і гэта было так неверагодна і так жахліва. Ён ледзь не заплакаў ад такой нечаканай здрады ўласных рук, але сапраўды, рукі першыя пачалі не слухацца яго. Тады ён локцем упёрся ў важкі кругляк гранаты і, сабраўшы ўсе сілы, якія яшчэ былі ў яго, даўлянуў ім на гранату ўніз, да сцягна. Штосьці там лопнула, і ён адчуў, што, адарваўшыся ад дзягі, граната ляжала ў снезе пад ім.